У беларускіх журналістаў ва Украіне зноў заблакавалі банкаўскія карткі
Беларускім журналістам ва Украіне заблакавалі банкаўскія карткі / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
14 красавіка ў беларускіх журналістаў, якія перабываюць ва Украіне, заблакавалі банкаўскія карткі, паведамляе БАЖ.
Аналагічная сітуацыя была ў лютым-сакавіку 2022 года пасля шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Тады грамадзяне Беларусі былі пазбаўленыя магчымасці карыстацца банкаўскімі карткамі.
"Некалькі месяцаў давялося правесці без карткі наогул. Я не мог нармальным чынам атрымліваць заробак, замаўляць розныя рэчы, нават набыць анлайн-квіток. Прыходзілася прасіць сяброў, каб заробак налічвалі на іх карткі, што вельмі нязручна", — кажа беларускі журналіст Зміцер Галко, які жыве ва Украіне з 2014 года.
Улетку 2022-га з дапамогай Беларускай асацыяцыі журналістаў карткі часткі беларускіх журналістаў удалося разблакаваць.
Але сёння карткі зноў перасталі працаваць. "Наколькі мне вядома, ніхто з беларусаў за сённяшні дзень не змог вырашыць праблему. Калі я не змагу вярнуць доступ да рахунку, то не ўяўляю існаванне ва Украіне. Магчыма, прыйдзецца з’яджаць", — расказвае Зміцер Галко.
Ва Украіне цяпер перабываюць некалькі дзясяткаў беларускіх журналістаў. Яны асвятляюць украінскія падзеі для незалежных беларускіх медыя або валанцёраць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.