У Беластоку з’явіцца Цэнтр беларускай культуры
У Беластоку адкрыюць Цэнтр беларускай культуры
1 студзеня 2024 года ў Беластоку пачне працаваць Цэнтр беларускай культуры. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 16 лістапада распавёў маршалак Падляскага ваяводства Артур Касіцкі, піша MOST.
З бюджэту ваяводства на стварэнне цэнтра вылучаць 3 мільёны злотых. 1,5 мільёна плануецца накіраваць на функцыянаванне ўстановы, а другую палову — на падрыхтоўку аднаго з будынкаў, у якім размесціцца цэнтр. На пачатку наступнага года цэнтр пачне працаваць у будынку па вуліцы Кіліньскага, а па меры гатоўнасці асноўнага аб’екта пераедзе туды — на працягу года.
Праект яшчэ не зацверджаны. Аднак папярэднія кансультацыі паказалі, што асноўныя камітэты не супраць.
Цэнтр збярэ пад сваім дахам 12 беларускіх арганізацый, у тым ліку дыяспары, якія дзейнічаюць на Падляшшы. Прафесар Алег Латышонак, прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасці ў Беластоку, спадзяецца з дапамогай цэнтра інтэграваць у тым ліку так званую "новую дыяспару", якая сфармавалася пасля 2020 года.
Кіраўніком цэнтра будзе Анатоль Вап. Асноўнай задачай установы ён бачыць развіццё беларускай культуры праз арганізацыю канцэртаў, сустрэч, канферэнцый, правядзенне гістарычных даследаванняў, а таксама папулярызацыю беларускай мовы сярод моладзі. Цэнтр плануе працаваць са школамі, у якіх вывучаюць беларускую мову.
Дзейнасць цэнтра мяркуецца распаўсюдзіць не толькі на жыхароў Беластока, але і на гміны і няўрадавыя арганізацыямі розных населеных пунктаў ваяводства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.