У далёкай-далёкай галактыцы паставілі ёлку — святочныя #ІхНоравы
#ІхНоравы
Гэта пераднавагодні агляд сусветных навін, у якім з вамі не здарыцца нічога страшнага.
Каляды святкуюць нават у далёкім космасе
Далёка-далёка ў галактыцы Млечны Шлях таксама святкуюць Каляды і Новы год. Не, ну а як яшчэ вы растлумачыце гэты фотаздымак ад NASA?
NASA shares image of NGC 2264
— Latest in space (@latestinspace) December 24, 2023
A cluster of young stars resembling a Christmas tree pic.twitter.com/OwDX47X8iv
Касмічнае агенцтва апублікавала здымак групы зорак са скопішча NGC 2264, якія свецяцца яркім зялёным святлом (насамрэч гэта туман з газу). Ну відавочная ж ёлка! А маленькія белыя і блакітныя агеньчыкі ( насамрэч гэта зоркі!) падсвечваюць яе як гірлянда.
Гэтае зорнае скопішча знаходзіцца ў сузор'і Аднарога, і ад яго да нас — 2,5 тысячы светлавых гадоў. Але мы з гэтай ялінкай знаходзімся ў адной галактыцы Млечны Шлях.
Love, actually
Х'ю Грант нечакана з'явіўся ў камедыйнай ролі ў фільме “Вонка” (рэкамендуем да прагляду ў святы). А потым яшчэ больш нечакана з'явіўся на дабрачынным мерапрыемстве, дзе частаваў калядным абедам пажылых самотных жыхароў Лондана.
Мерапрыемства цалкам фінансуецца за кошт ахвяраванняў мясцовых жыхароў і бізнесу.
"Х'ю дапамог нам раздаць абеды 500 пажылым людзям, якія збіраліся правесці гэты час на самоце", — расказалі арганізатары мерапрыемства.
Кажуць, гэта была любоў насамрэч — ну, вы разумееце, пра што мы.
Адзін у офісе
А калі не разумееце — нагадаем: у навагоднім фільме "Любоў насамрэч" Х'ю Грант грае вясёлага дзёрзкага брытанскага прэм'ер-міністра.
А цяпер сапраўдны брытанскі прэм'ер міністр сыграў... вясёлага дзёрзкага брытанскага прэм'ер-міністра. У спецыяльным перадсвяточным роліку, які апублікаваў офіс кіраўніка ўрада, Рышы Сунак паказвае, чым ён займаецца, калі застаецца адзін дома (дакладней, адзін у офісе).
З'ядае ўсе цукеркі з ёлкі, танчыць, смажыць зефіркі на агні…
Ролік зрабіўся папулярным, і яго хваляць нават палітычныя апаненты Рышы Сунака. Маўляў, прыемна ўбачыць палітыка з чалавечым тварам.
Валер Кавалеўскі, а чым вы займаецеся, калі застаяцеся ў офісе адзін? Чакаем пераднавагоднюю відэасправаздачу!
Бел-чырвона-белы торт
Гэта не тое, пра што вы падумалі!
Раскошны японскі ўнівермаг даставіў сваім пакупнікам 800 раздушаных чырвона-белых тартоў да свята. Насамрэч, мяркуючы з фотаздымкаў у Twitter, не тое каб зусім раздушаных — проста... недастаткова ідэальных. Але дзякуючы гэтай навіне мы даведаліся, што японцы святкуюць Каляды!
Насамрэч у краіне толькі 1% насельніцтва — хрысціяне. Але свята Раства чамусьці любяць усе японцы. Ім падабаецца збірацца сем'ямі на святочнае застолле і абменьвацца падарункамі ў гэты дзень.
Для японцаў менавіта белы і чырвоны колеры сімвалізуюць гэтае свята, таму яны часта заказваюць у гэты дзень чырвона-белыя клубнічныя тарты (і вось якраз з клубнічны тортам нешта пайшло не так).
На шчасце, на Каляды японцы падаюць да стала не толькі тарты, але і... смажаную курыцу KFC! Таксама праз чырвона-белае спалучэнне ў афармленні скрыначкі. Добры бок гэтай навіны: нават калі ваш шыкоўны торт прыйшоў раздушаным, курыныя крылцы KFC у вас ніхто не адбярэ!
Не адзін дома
Вы атрымалі ўжо шмат святочных паштовак? А вось жыхары таўнхаўса, у якім здымалі "Адзін дома-2" штогод атрымліваюць так шмат, што вырашылі з'ехаць. У асноўным таму, што амаль усе паштоўкі адрасаваныя героям фільма.
Асабняк у Нью-Ёрку прадаюць за 6,7 млн. долараў. З моманту першага з'яўлення на экране ў 1992 годзе дом быў цалкам адрамантаваны. Так што цяпер ён выглядае зусім інакш, чым калі ўпершыню з'явіўся ў фільме (паводле сюжэта дом належаў нью-ёркскаму дзядзьку Кевіна).
Не, вы падумайце: з моманту выхаду фільма прайшло больш за 20 гадоў, а людзі ўсё яшчэ пішуць Кевіну, якога зноў забыліся дома! Здаецца, у гэтым аглядзе мы накідалі вам варыянтаў для настальгічнага святочнага кінавечара. Ну, уключайце!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.