Як у Лукашука: колькі каштуе прыгатаваць аліўе па рэцэпце рэдактара Еўрарадыё
Аліўе
Кожны год наш рэдактар Зміцер Лукашук прыносіць на карпаратыў Еўрарадыё салату "Аліўе". І кожны год салата Лукашука знікае з рэдакцыйнага стала першай.
Прычым апетыт калегаў Змітра зусім не залежыць ад таго, выклікае "Аліўе" асацыяцыі з савецкім мінулым ці з французскай кухняй. Салата Лукашука абяззбройвае ўсіх.
Але сёлета мы будзем сустракаць Новы год у розных краінах, таму папрасілі Змітра падзяліцца рэцэптам — і палічылі, колькі будзе каштаваць прыгатаванне такой салаты для раскіданых па ўсёй Еўропе беларусаў.
Рэцэпт Лукашука
Колькасць прадуктаў прыводзіцца з разліку "на нармальнае свята, чалавек на дзесяць".
- 0,5 кілаграма бульбы
- 0,5 кілаграма варанай каўбасы тыпу мартадэла
- 0,5 кілаграма морквы
- дзве бляшанкі гарошку
- 10 яек
- некалькі цыбулін
- агурок (Лукашук кладзе салёны)
Колькі каштуе "аліўе як у Лукашука" ў Мінску
Мінскія цэны мы вывучалі на сайце аднаго з найбуйнейшых рытэйлераў Беларусі.
Паўкіло бульбы нам абыходзіцца ў паўрубля, на моркву дадамо яшчэ 70 капеек. І 50 капеек адкладзём на парачку белых рэпчатых цыбулін.
Дзясятак самых танных яек можна купіць за 2,75 рубля. Фермерскія абыдуцца ўдвая даражэй — да 5,87 рубля, але шыкаваць не будзем і возьмем самыя простыя яйкі Кобрынскай птушкафабрыкі.
Цяпер выпраўляемся на пошукі паўкіло варанай каўбасы. Ваўкавыскі мясакамбінат расфасаваў каўбасу быццам акурат пад лукашукоўскі аліўе — па 550 грамаў. Аддаём 5,25 рубля і бяром не задумваючыся.
Дадаём дзве бляшанкі кансерваванага гарошку. Знаходзім у раздзеле зніжак гарошак ад "Гродзенскага кансервавага завода" па 2,85 рубля кожная.
Калі вам не дасталося закатак ад бацькоў і бабуль, то трэба купіць яшчэ і салёных агуркоў — за літровае вядзерца просяць 3,59 рубля.
Пакецік мінскага маянэзу "Правансаль" за 3,85 рубля — і можна падбіваць выніковыя цэны.
Такім чынам, на "аліўе па-лукашукоўску" ў Мінску мы б выдаткавалі 22,84 рубля — 6,3 еўра. (Лукашук запэўнівае, што хопіць на дзесяцёх.)
Колькі каштуе "аліўе як у Лукашука" ў Польшчы
Зміцер Лукашук сёлета будзе гатаваць аліўе ў Польшчы (і мы таксама). Час да святаў яшчэ ёсць, так што прабяжымся па розных крамах і параўнаем цэны.
На бульбу выдаткуем 0,7 злотага, за паўкіло морквы аддамо 2,15 злотага. Цыбуля — нам патрэбная ўсяго пара цыбулін — абыдзецца прыкладна ў 1 злоты. Разам уся гародніна будзе каштаваць 3,85 злотага — менш за еўра.
Дзясятак яек — 9,99 злотага (2,3 еўра). Патрэбную каўбасу знаходзім за 6,29 злотага (1,45 еўра). Праўда, гэты кавалак на 100 грамаў меншы, чым той, што мы знайшлі ў Мінску.
Слоічак маянэзу знаходзім за 3,89 злотага (90 еўрацэнтаў). А на гарошак ідзе яшчэ 14 злотых (3,29 еўра). Не забываем дадаць салёных агуркоў: мы знайшлі слоічак на 670 грамаў за 6,79 злотага (1,57 еўра).
Разам: каб прыгатаваць аліўе як у рэдактара Еўрарадыё, беларускія эмігранты ў Варшаве выдаткуюць 44,99 злотага — каля 10,3 еўра.
Колькі каштуе "аліўе як у Лукашука" ў Кіеве
Некаторыя нашы калегі гэты Новы год сустракаюць ва Украіне і пагадзіліся падлічыць, у колькі ім абышоўся б там лукашукоўскі аліўе.
За паўкіло белага бульбы аддаем каля 7 грыўняў. Паўкіло морквы — яшчэ 4,5 грыўні. І каля 3 грыўняў за лук. Разам на гародніну сыходзіць 14, 5 грыўняў (0, 36 еўра).
Замест мартадэлы бяром спецыяльную каўбасу для аліўе ад Жытомірскага мясакамбіната — за паўкіло выйдзе каля 82 грыўняў (2, 02 еўра). І 60 грыўняў пойдзе на яйкі.
Нашы калегі дакладваюць, што зялёны гарошак можна знайсці па 53 грыўні за бляшанку — памятаем, што нам патрэбныя дзве бляшанкі, то-бок 106 грыўняў (2,53 еўра). І дадаём слоічак салёных агуркоў за 62 грыўні (1,53 еўра).
За слоічак маянэзу аддаём яшчэ 48,99 грыўні (1, 82 еўра).
Разам: для тых, хто сустракае Новы год ва Украіне, "аліўе ад Лукашука" абыдзецца прыкладна ў 373,5 грыўні — 9,1 Еўра.
Колькі каштуе "аліўе як у Лукашука" ў Літве
За паўкіло бульбы аддаём 35 еўрацэнтаў. Яшчэ 25 цэнтаў — за моркву. Не забываем пра цыбулю: на пару цыбулін пойдзе прыкладна 20 цэнтаў.
Знаходзім прыдатную каўбасу: 4,89 еўра за 600 грамаў. Бляшанка гарошку — 1,75 еўра, але не забываем, што нам трэба дзве, так што 3,5 еўра. Паўлітровы слоік марынаваных агуркоў — 2,79 еўра.
Дадаём дзясятак яек — 2,29 еўра. Запраўляем маянэзам — 2,99 еўра.
Разам: нашым калегам у Літве настальгія па рэдактарскай салаце абыдзецца ў 17,26 еўра. І выснова: няма чаго ў Літве гатаваць аліўе (нават такі антысавецкі, як лукашукоўскі). Усе на цэпеліны!
На вока
Нават калі Зміцер Лукашук падзяліўся з намі рэцэптам свайго кароннага аліўе, засталося адчуванне нейкай недаказанасці. Нібыта, пералічыўшы ўсе інгрэдыенты, Лукашук змаўчаў пра нешта важнае.
— Слухайце, ну ўвогуле ж усё робіцца на вока. Галоўнае — з душой, — усё ж раскрыў свой галоўны сакрэт Зміцер.
Увага: салата "аліўе як у Лукашука" ў Беларусі не прызнаная экстрэмісцкім. Гатуйце смела.
А наш эксперымент давёў, што танней за ўсё аліўе гатаваць на Радзіме і амаль гэтаксама танна — у Кіеве. Так што калі вернемся ў Мінск — прыгатуем на ўсіх чытачоў Еўрарадыё!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.