У Добрушы ў маці забралі дзяцей, яна з нажом кінулася на памочніцу пракурора

За "рашучасць і адвагу" Ганна Кучынская атрымала грамату Генпракурора

За "рашучасць і адвагу" Ганна Кучынская атрымала грамату Генпракурора / t.me/prokuraturabelarus/

У Добрушы 46-гадовая жанчына пагражала нажом работнікам пракуратуры і аддзела адукацыі. Пракурор Веткаўскага раёна санкцыянаваў узяцце яе пад варту. Распачатая крымінальная справа.

Здарэнне адбылося ў лютым. Да абвінавачанай прыйшлі старшы памочнік пракурора Добрушскага раёна Ганна Кучынская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі і намесніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Добрушскага райвыканкама. Яны правяралі ўмовы пражывання дваіх дзяцей. Раней было прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пракуратура сцвярджае, што жанчына была ў стане алкагольнага ап'янення, а ў кватэры назіралася антысанітарыя. Дзяцей вырашылі забраць. З-за таго, што маці "пачала паводзіць сябе агрэсіўна і неадэкватна", выклікалі нарад міліцыі. Але яшчэ да прыезду міліцыянераў намесніца старшыні камісіі вывела дзяцей з дома.

У гэты момант маці кінулася на кухню, схапіла вялікі кухонны нож і стала размахваць ім, пагражаючы расправай. Але старшы памочнік пракурора "ужыла фізічную сілу і з дапамогай падаспелай супрацоўніцы аддзела адукацыі выхапіла ў гаспадыні кватэры нож". За "рашучасць і адвагу" і "актыўную грамадзянскую пазіцыю" Кучынская атрымала грамату Генпракурора.

За сітуацыяй з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сталі больш пільна сачыць. Асабліва пасля рэзананснай трагедыі ў Оршы, калі шматдзетная маці забіла сваіх чацвярых дзяцей. За тое, што дзяцей не забралі з сям'і раней, некалькі чыноўнікаў пазбавіліся сваіх пасадаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі