Аршанскіх чыноўнікаў звальняюць пасля трагедыі з забойствам дзяцей — СМІ
Аршанскі выканкам, ілюстрацыйнае фота
У Оршы пазбавіліся сваіх пасадаў адразу два кіраўнікі з райвыканкама, піша мясцовы сайт Orsha.eu.
Адзін з іх — начальнік аддзела адукацыі Андрэй Загурскі, які правёў на гэтай пасадзе амаль 15 гадоў. Другі — Віктар Калачоў, які працяглы перыяд працаваў кіраўніком спраў выканкама, а апошнім часам быў намеснікам старшыні выканкама.
Паводле звестак Orsha.eu, прычынай іх адстаўкі стала рэзанансная трагедыя на вуліцы Завадскага, калі шматдзетная маці забіла сваіх чацвярых дзяцей. Тады прадстаўнікі Генпракуратуры паабяцалі знайсці вінаватых у тым, што дзяцей не забралі з сям'і раней. Верагодна, начальнік адукацыі і намеснік старшыні выканкама, які курыраваў гэтую сферу, былі прызнаныя адказнымі за трагедыю.
Абодва чыноўнікі ўсё яшчэ прысутнічаюць на сайце райвыканкама. Але паводле звестак журналістаў Калачоў ужо плануе пераходзіць на працу ў Аршанскі механіка-эканамічны каледж.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.