У Глуску збіраюць на сшыткі дзецям з прытулку. Чыноўнікі: "Сродкі вылучаюцца"

Адным дзеткам канцтавары купляе аэрапорт, іншым збіраюць у мясцовай краме / Нацыянальны аэрапорт Мінск
Адным дзеткам канцтавары купляе аэрапорт, іншым збіраюць у мясцовай краме / Нацыянальны аэрапорт Мінск

"Глускае РАЙСПАЖЫЎТАВАРЫСТВА праводзіць штогадовую дабрачынную акцыю па зборы канцылярскіх сродкаў для выхаванцаў дзіцячага прытулку", — гаворыць таблічка на "кошыку дабра" ў асіповіцкай краме. Няўжо прытулку і сапраўды не стае школьных прыладаў?

В Глуске собирают на тетради детям из приюта. Чиновники: “Средства выделяются”
"Кошык дабра" ў асіповіцкай краме / Еўрарадыё

— Ну, у прынцыпе, нам усё трэба, бо нічога не вылучаецца апошнім часам. Усё, чым могуць дапамагчы, — усяму дзякуй скажам, — расказвае Еўрарадыё загадчык гаспадаркі Ясенскага прытулку. — Асадкі, сшыткі, усё такое асноўнае.

У нас у асноўным малодшыя і старшыя класы, "сярэдніх" літаральна пара чалавек. У нас нейкія свае запасы ёсць, але ў сувязі з COVID-19 і ўсім астатнім грошай няма ў раёне. Таму неяк апошнім часам не вельмі, толькі вось з дапамогай каго-небудзь нешта вылучаецца ў плане канцылярыі.

Больш падрабязна пра ініцыятыву мы вырашылі даведацца ў Глускім райспажыўтаварыстве. Кіраўнік арганізацыі ў размове з Еўрарадыё спаслаўся на занятасць і рэкамендаваў патэлефанаваць у юрыдычны аддзел таварыства.

Туды мы так і не змаглі датэлефанавацца, таму звязаліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы Глускага райвыканкама Аленай Самуйлік.

Яна адказвае, што Глускі райвыканкам ніякага дачынення ні да дабрачынных акцый у прытулку, ні да райспажыўтаварыства не мае. Але мы ўсё ж цікавімся: чаму адразу нельга забяспечыць дзяцей усім неабходным за кошт бюджэту?

— Разумееце, прылады для школьніка — іх колькі ні купляй, лішнімі не будуць, ні сшыткі, ні асадкі. Плюс да ўсяго, гэта дабрачынная акцыя, у нас кожны год праходзяць такія акцыі, каб дапамагчы дадаткова акрамя таго, што ўжо вылучаюцца грошы. Гэта нармальная з'ява.

В Глуске собирают на тетради детям из приюта. Чиновники: “Средства выделяются”
Наведванне навучэнцамі нядзельнай школы Іверскага храма Ясенскага сацыяльнага прытулку / church.by

Паколькі прытулак знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне, тэлефануем начальніку аддзела ідэалагічнай работы Асіповіцкага райвыканкама Таццяне Пахоменка.

— Наогул, вам лепш у райспажыўтаварыстве спытаць, мы да гэтага ніякага дачынення не маем, — кажа чыноўніца. Зноў пытаемся: чаму збіраюць грошы на канцылярскія прылады? Ці дастаткова сродкаў вылучаецца на прытулак?

— Ну вядома, сродкі вылучаюцца, — працягвае ідэолаг. — Ну гэта ж да новага навучальнага года, гэта цалкам сабе, як бы гэта сказаць, грамадзянская ініцыятыва. У царкву, напрыклад, таксама рэчы прыносяць. Што тут такога?

Сёлета школьныя прылады на патрэбы дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкім сацыяльным становішчы, збіралі не толькі ў Глуску. Напрыклад, Нацыянальны аэрапорт Мінск для дзяцей са Смалявіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра таксама набыў заплечнікі, асадкі, сшыткі і іншыя неабходныя школьніку рэчы.

В Глуске собирают на тетради детям из приюта. Чиновники: “Средства выделяются”
Падарунак Смалявіцкаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру ад аэрапорта Мінск / інстаграм

Ясенскі сацыяльны прытулак для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту адчыніў свае дзверы для выхаванцаў у 2002 годзе, ён размяшчаецца ў будынку былога дзіцячага сада. Туды трапляюць дзеці з праблемных сем'яў і дзеці-сіроты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі