У Глыбокім усклалі кветкі да помніка прэм'еру БНР Ластоўскаму (фота)
Так глыбоцкія актывісты адзначылі Дзень Волі.
У Глыбокім мясцовыя грамадскія актывісты адзначылі Дзень Волі згадкай пра славутых землякоў. Яны ўсклалі кветкі да помніка Вацлаву Ластоўскаму — прэм'ер-міністру Беларускай Народнай Рэспублікі.
Таксама кветкі прынеслі да мемарыяльнай шыльды ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага — аўтара праекта бел-чырвона-белага сцяга. Гэты дзеяч нарадзіўся і пэўны час жыў у Глыбокім.
Акрамя таго, удзельнікі святкавання наведалі магілу сябра Беларускага Саюза Патрыётаў Альберта Бацяноўскага, які памёр у 2005 годзе. Яны ўсклалі кветкі на магілу, а таксама павязалі бел-чырвона-белую стужку.
У гэты дзень у Глыбокім была прэзентаваная кніга вершаў Віктара Сікоры, змагара за незалежнасць Беларусі і вязня ГУЛАГа.