У Гомелі лекар выйшаў на волю пасля 15 сутак і даведаўся, што звольнены
У Гомелі лекар Мікалай Козіч выйшаў на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту і даведаўся, што звольнены, паведамляе тэлеграм-канал @belxalat. 26 кастрычніка 27-гадовы Козіч правёў каля абласной сухотнай клінічнай бальніцы, дзе працаваў, адзіночны пікет, быў у белым халаце, трымаў у руках плакат "Жыве Беларусь!". Ён пратэставаў у непрацоўны час. Праз нейкі час прыехалі міліцыянеры і яго затрымалі. Далей — суд і арышт.
Як паведамляе TUT.by, Мікалай Козіч выйшаў на волю ў аўторак, а ў сераду яго выклікалі ў аддзел кадраў. Спачатку прапанавалі напісаць тлумачальную пра прычыну адсутнасці на працы, пасля азнаёмілі з вымовамі за невыкананне працоўных абавязкаў. Далей — далі падпісаць загад аб звальненні. Козіч атрымаў тры дні на вызваленне пакою ў інтэрнаце, у якім ён жыве з жонкай.
Лекар з'яўляецца маладым спецыялістам, да канца яго абавязковай адпрацоўкі заставалася яшчэ 8 месяцаў.
Дарэчы, у нядзелю ў Мінску на акцыі пратэсту затрымалі сястру Мікалая Козіча Анастасію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.