У Гомелі сям'я кіроўцы, які загінуў у ДТЗ з вайсковым грузавіком, падала ў суд
На месцы ДТЗ
У Гомельскім абласным судзе 9 ліпеня разгледзяць скаргу на рашэнне суда Савецкага раёна пра кампенсацыю маральнай шкоды. Адным з адказчыкаў па справе выступае вайсковай часць, а пазоўнікам паказаны Віктар Каламіец. Імаверна, гэта бацька Сяргея Каламійца, які загінуў у ДТЗ у канцы 2022 года, піша "Флагшток". Аўтамабіль Каламійца ўрэзаўся ў вайсковы ЗІЛ, які спыніўся на паласе, як мяркуецца, без габарытных агнёў і святлоадбівальнікаў. ЗІЛ быў прызначаны для транспартавання і загрузкі ракет у РСЗА "Ураган". У той перыяд Узброеныя сілы Беларусі якраз пераганялі тэхніку.
"Флагшток" нагадвае, што першапачаткова фота ДТЗ з вайсковай машынай з'явіліся на рэсурсах УУС Гомельскага аблвыканкама, але потым іх выдалілі. Тых, хто паспеў зрабіць рэпосты ў гарадскія паблікі, таксама папрасілі выдаліць інфармацыю. Блізкія загінулага некалькі месяцаў праз сацсеткі спрабавалі знайсці сведак ДТЗ, каб даказаць, што грузавік Мінабароны не быў абазначаны аварыйнай сігналізацыяй.
У Сяргея засталося двое дзяцей, ён працаваў у транспартнай кампаніі. Яна таксама пазначаная ў пазове суадказчыкам. Але галоўны адказчык — вайсковая часць 12147 з Асіповічаў (51-я гвардзейская артылерыйская брыгада).
Пазоў пра кампенсацыю маральнай шкоды да вайсковай часці ў судзе першай інстанцыі, відаць, не быў задаволены альбо задаволены не ў поўнай меры. Сваякі Сяргея спрабуюць аспрэчыць гэтае рашэнне ў абласным судзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.