У Гродне дамагаюцца ўключэння старых гарадскіх могілак у спіс помнікаў (фота)
У Гродне дамагаюцца ўключэння старых гарадскіх могілак у спіс помнікаў. З такой ініцыятывай выступіла мясцовай ініцыятыва “Варштат ідэй”. На дадзеным этапе актывісты апісваюць могілкі і займаюцца іх вывучэннем. Ужо існуюць падрабязная інтэрнэт-мапа ды кішэнны пуцяводнік па старых праваслаўных і каталіцкіх могілках горада.
Гродзенскія “камунальныя”, то бок гарадскія, могілкі паўсталі на мяжы XVIII і XIX стст. — спачатку каталіцкія, а пасля і праваслаўныя. І там, і там хаваюць дагэтуль, але касцяк могілак — акурат старыя пахаванні пазамінулага стагоддзя з каванымі крыжамі ды агароджамі, гранітнымі помнікамі ды калонамі.
Гісторыкі ўжо не першы год б’юць трывогу. Могілкі фактычна рабаваліся і знішчаліся дзесяцігоддзямі: скульптуры і партрэты разбівалі вандалы, а чугунныя агароджы здавалі на металалом або прадавалі за мяжу як “камінныя краты” прадпрымальныя злодзеі 90-х.
Каля 10 гадоў таму, “дзякуючы” ЖЭСу, з могілак зніклі стогадовыя дрэвы… маўляў, каб не разбуралі магілы. Затое зараз могілкі падобныя на выпаленае поле і фактычна згубілі сваю непаўторную атмасферу. А цяпер, дзе быў адзін клён ці ліпа, расце 3-5 маленькіх.
"Наша галоўная задача — дамагчыся, каб аб’ект быў пад аховай, — тлумачыць гісторык і сябра “Варштату” Таццяна Касатая. — Тады толькі можна паспяхова адбыцца кансервацыя і рэстаўрацыя могілак. Заяўка ў Адзел аховы помнікаў пры Мінкульце ўжо падрыхтаваная".
Цікава, што ніхто раней могілкі на Антонава не спрабаваў занесці ў рэестр помнікаў гісторыі і культуры. Парадаксальна, што “помнікамі” там лічацца толькі брацкія магілы савецкіх салдат ды манумент на магіле генерала вайны 1812 году Ланскога. Рэшта — дзве капліцы ХІХ ст. (праваслаўная і каталіцкая), магіла пісьменніцы Элізы Ажэшкі, сотні ўнікальных помнікаў, склепаў і надмагілляў ніякага статусу не маюць і разбураюцца на вачах…
"Мы не збіраемся выдумляць ровар, — працягвае Таццяна. — Цудоўнымі прыкладамі могуць служыць Росы ў Вільні або Лічакаўскія могілкі ў Львове. Зараз і тыя, і другія актыўна аднаўляюцца і ўжо з’яўляюцца паўнавартаснымі турыстычнымі аб’ектамі".
План “варштатаўцаў” зусім не складаны. Па-першае, патрэбна максімальна вывучыць і апісаць стан могілак, прааналізаваць сітуацыю. Пры аптымальным варыянце мае быць створаная грамадская камісія з гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў і валанцёраў, якія б на грамадскіх пачатках займаліся справамі могілак, трымаючы сувязь з гарвыканкамам.
Наступны крок — падача заявак на міжнародныя праекты на рэстаўрацыю і кансервацыю могілак. Украінскі вопыт даказвае, што тут істотна паспрыяць можа Польшча, для якой гісторыя тых жа гродзенскіх каталіцкіх могілак зусім не чужая. То бок працы можна ажыццяўляць і з дапамогай небюджэтных сродкаў.
Гродзенскія актывісты з часам збіраюцца заняцца таксама занёманскімі Францішканскімі могілкамі ды яўрэйскімі могілкамі, якія знаходзяцца на беразе Нёмана наўпрост у лесе.
У Беларусі на дадзены момант да помнікаў залічаныя толькі каталіцкія могілкі ў Магілёве, могілкі ў Брэсце ды Кальварыйскія могілкі ў Мінску.