У Гродне судзяць кіраўніка гуртка, які нібыта курыў марыхуану з дзецьмі

У Гродне судзяць кіраўніка гуртка, які нібыта курыў марыхуану з дзецьмі

У Гродне ідзе суд над кіраўніком гуртка, які, па версіі следства, на занятках ужываў наркотыкі і схіляў да гэтага вучняў. 

Раней на судзе выслухалі пацярпелых — трох падлеткаў, а таксама сведкаў. Адно судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме: на ім вывучаліся матэрыялы пад грыфам "сакрэтна". 

25 сакавіка суд выслухаў пазіцыю абвінавачанага, піша TUT.by.

Кіраўніка прыватнага гуртка робататэхнікі затрымалі ў кастрычніку 2019 года ў офісе ў цэнтры Гродна, дзе ён праводзіў заняткі. 

Па версіі абвінавачвання, аднаго з падлеткаў мужчына схіліў да ўжывання наркотыкаў 12 разоў, другога — 9, трэцяга — тры разы.

Ад пачатку працэсу і бацькі пацярпелых, і сам абвінавачваны прасілі зрабіць слуханні закрытымі. У сераду 25 сакавіка гэтае хадайніцтва падтрымаў і пракурор, звярнуўшы ўвагу на тое, што на судзе закранаюцца інтарэсы непаўналетніх. Суддзя хадайніцтва не задаволіў, але прапанаваў прысутным праявіць свядомасць і пакінуць залу, калі ў іх ёсць жаданне. У выніку засталіся толькі ўдзельнікі судовага працэсу і журналісты.

Кіраўнік гуртка паведаміў, што прапаноўваў вучням толькі палын і шалфей, а не марыхуану. Аднак пры гэтым мужчына абстаўляў усё так, каб было падобна да незаконных дзеянняў: ён зачыняў дзверы на ключ, гаварыў шэптам. 

Кіраўнік гуртка патлумачыў, што часам паліў на працы марыхуану сам. Таму вырашыў засцерагчыся, уцягнуўшы дзяцей у нібыта незаконныя дзеянні. Ён спадзяваўся, што пасля гэтага яны будуць маўчаць. 

Мужчына прызнаў сябе вінаватым толькі ў захоўванні і перапрацоўцы наркатычных сродкаў без мэты збыту. Ён распавёў, што купіў марыхуану для сябе толькі адзін раз — у незнаёмых людзей каля гродзенскага Драмтэатра. Частку ён схаваў у мужчынскай прыбіральні ў тым жа будынку, дзе размяшчалася студыя робататэхнікі.

Паліў марыхуану і дома, і на працы. Выкінутую бутэльку з-пад марыхуаны пабачыў адзін з падлеткаў. Кіраўнік гуртка спалохаўся, што той каму-небудзь раскажа, і запрасіў яго разам папаліць. Але падлетку ён прапанаваў не марыхуану, а палын, кажа мужчына. 

"Я ведаў, што гэтая трава таксама валодае лёгкім расслабляльным дзеяннем. Таму я прапанаваў пацярпеламу яе, а не наркотык!" — заяўляе абвінавачаны. Па яго словах, ён некалькі разоў даваў дзецям паліць палын, а потым — шалфей, бо не змог знайсці палын у аптэках. 

У справе фігуруе эпізод, калі кіраўнік гуртка прапановаў дзецям так званыя "маркі" — псіхатропныя рэчывы. Гродзенец заяўляе, што насамрэч гэта былі аркушы паперы з шалфеем. А заявы дзяцей пра змены ў адчуваннях (напрыклад, блытаніну ў колерах) ён тлумачыць эфектам плацэба. 

Растлумачыць, чаму ў мачы аднаго з падлеткаў былі выяўленыя канабіноіды, мужчына таксама не змог.

Тым не менш кіраўнік гуртка папрасіў прабачэння ў падлеткаў і іх бацькоў за тое, што ім давялося ўдзельнічаць у расследаванні і ў судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі