У Грузіі будуць караць за шум з 15 жніўня

Фота: Reuters
Фота: Reuters

З 15 жніўня ў Грузіі ўступіў у сілу закон, які рэгулюе дапушчальныя ўзроўні шуму, паведамляе JamNews.

Калі шум стварае дыскамфорт, на дапамогу можна выклікаць патруль, які спецыяльным прыборам вызначыць узровень шуму. Калі той будзе перавышаць дапушчальны ўзровень, то фізічная або юрыдычная асоба можа быць аштрафаваная. Змены былі ўнесеныя ў Адміністрацыйны кодэкс Грузіі ў чэрвені гэтага года і актывізаваныя 15 жніўня.

На прыняцці гэтага закона ўжо не адзін год настойвалі жыхары турыстычных зон, вымушаныя трываць кругласутачны шум з размешчаных паблізу кавярняў і бараў.

Згодна з абноўленым заканадаўствам, дзённым часам з гэтага часу лічыцца прамежак з 8.00 да 23.00, а начным — з 23.00 да 8.00. У дзённы час узровень шуму ў жылых памяшканнях не павінен перавышаць 35 дэцыбел, а ў начны — 30.

Асаблівая рэгуляцыя ўведзеная для кавярняў-бараў, размешчаных побач з жылымі дамамі. У дзённы час шум ад гэтых забаўляльных установаў не павінен перавышаць 50 дэцыбел, а ў начны — 40.

Рэгуляцыя закранае таксама медыцынскія ўстановы, спартыўныя залы, гандлёвыя цэнтры і адукацыйныя ўстановы.

Парушальнікі "шумавых рэгуляцый" на першы раз будуць папярэджвацца. Калі цягам года будзе зафіксаванае паўторнае парушэнне, то фізічная асоба будзе аштрафаваная на 150 лары (63 USD), а юрыдычная — на 500 лары (209 USD). Згодна з заканадаўчымі папраўкамі, з гэтага часу забараняецца, а ў выпадку парушэння караецца выкарыстанне ў начны час піратэхнікі: фізічныя асобы могуць атрымаць штраф у 150 лары, юрыдычныя — у 500 лары. За паўторныя парушэнні прадугледжанае двухразовае павелічэнне сумы штрафу як для фізічных асоб, так і для юрыдычных.

Шумець беспакарана можна будзе толькі ў навагоднія дні, а менавіта з 21.00 31 снежня да 23.00 2 студзеня і з 21.00 13 студзеня да 23.00 14 студзеня, а таксама ў дні дзяржаўных святаў, звязаных з незалежнасцю краіны, — 9 красавіка і 26 мая.

Адказнасць за выкананне закона ўскладзеная на патрульную паліцыю. А з 1 красавіка 2018 года гэтая функцыя пяройдзе да органаў самакіравання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі