У Італіі ў гарах загінуў вядомы беларускі IT-прадпрымальнік

У Італіі ў гарах загінуў вядомы беларускі IT-прадпрымальнік

У Італіі загінуў вядомы беларускі IT-прадпрымальнік Андрэй Багамолаў. Трагедыя здарылася 30 верасня ў гарах, інфармуе сайт dev.by. Багамолаў захапляўся скалалажаннем і скайранінгам. У апошнім допісе ў Facebook ён анансаваў трэніроўку ў выхадныя і запрашаў сяброў далучыцца да яго.

Сайт ANSA.it паведамляе, што беларускі альпініст загінуў апоўдні 30 верасня на фераце (скальны ўчастак, абсталяваны металічнымі канструкцыямі для праходжання), якая лічыцца адной з самых складаных у Альпах. Трагедыя адбылася на вышыні каля 500 метраў, беларус загінуў на месцы. Для таго, каб знайсці цела і даставіць яго з гор, былі прыцягнутыя карабінеры, ратавальнікі і верталёт службы выратавання Aiut Alpin Dolomites.

Спачатку лічылася, што загінулы можа быць грамадзянінам Вялікабрытаніі, таму што перад самым інцыдэнтам Багамолаў перакінуўся парай слоў па-ангельску з іншай групай альпіністаў.

Андрэй Багамолаў быў адзіным індывідуальным прадпрымальнікам сярод рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій (там ён зарэгістраваўся ў 2008 годзе). У прыватнасці, развіваў воблачную платформу ERPVault, якая дазваляе кіраваць ключавымі рэсурсамі прадпрыемства. У 2015-м прадпрымальнік скончыў аспірантуру па спецыяльнасці Computer Science ў Італіі ва Універсітэце Трэнта.

У Італіі ў гарах загінуў вядомы беларускі IT-прадпрымальнік
Андрэй Багамолаў любіў горы. Фота: facebook.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі