У калядную ноч на Брэстчыне ўпаў метэарыт (відэа)

У калядную ноч на Брэстчыне ўпаў метэарыт (відэа)

У калядную ноч, 7 студзеня, у Брэсцкай вобласці заўважылі яркі метэор, піша газета "Заря".

Відэакамера ў вёсцы Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна зафіксавала яркі метэор у 3:33 ночы. Балід ляцеў з захаду на ўсход і асвятліў велізарную тэрыторыю.

Гэты метэор бачылі і ў Пружанах. Пра гэта паведамляецца ў пабліку "Падслухана. Пружаны" ў сацсетцы "Вконтакте". Відавочцы кажуць, што пачылі ўспышку, а пасля чулі гук удару — гэта значыць, на зямлю ўпаў метэарыт.

Еўрарадыё папрасіла Віктара Малышчыца, настаўніка астраноміі Ліцэю БДУ, пракаментаваць відэа:

“Па ўсіх прыкметах бачна, што гэта, хутчэй за ўсё, нешта незямнога паходжання. Гэта не касмічнае смецце, бо ляцела занадта хутка. Хутчэй за ўсё, гэта балід — вялікае нябеснае цела, якому пашчасціла трапіць ў слаі атмасферы [Зямлі] і згарэць. Некаторыя СМІ напісалі “упаў метэарыт” — гэта можна сказаць з вялікай нацяжкай. Часцей за ўсё пралёты такіх яскравых балідаў заканчваюцца іх поўным згараннем. Таму не факт, што ён яшчэ і ўпаў”.

Віктар Малышчыц згадвае, што падобны па яркасці балід праляцеў над Беларуссю ў 2013-м годзе. Выкладчык астраноміі кажа, што тады Акадэмія навук не ўзялася за пошукі метэарыта, бо гэта вельмі затратнае мерапрыемства. Адшукаць яго спрабавалі астраномы-аматары, але ніякіх слядоў падзення не знайшлі. Хутчэй за ўсё, балід проста згарэў у атмасферы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі