У Карабаху загінуў намеснік камандуючага падводнымі сіламі Паўночнага флоту РФ
Іван Коўган
У Карабаху загінуў намеснік камандуючага падводнымі сіламі Паўночнага флоту РФ па ваенна-палітычнай працы. Капітана 1-га ранга (адпавядае званню палкоўніка) Івана Коўгана адправілі ў "камандзіроўку" два месяцы таму (па іншых звестках, яшчэ ў траўні). Ён быў намеснікам камандуючага "расійскім міратворчым кантынгентам" у Нагорным Карабаху.
20 верасня расійскія вайскоўцы трапілі пад абстрэл. Сярод загінулых быў і Коўган. Мінабароны РФ не паведаміла колькасць загінулых (па неафіцыйных даных, іх чацвёра). Вядома, што вайскоўцы вярталіся на аўтамабілі з назіральнага пункту.
Мінабароны Азербайджана не ўзяла адказнасць за здарэнне, толькі выказала "глыбокія спачуванні" ў сувязі з гібеллю расійскіх вайскоўцаў. Праводзіцца расследаванне.
Па некаторых звестках, пад абстрэлам загінуў і палкоўнік Тагір-Мурод Караеў, камандзір 29-й брыгады.
Абстрэл расійскіх вайскоўцаў адбыўся ўжо пасля дасягнення дамоўленасці пра поўнае спыненне баявых дзеянняў у Карабаху. У чацвер праходзяць перамовы паміж прадстаўнікамі самаабвешчанай рэспублікі і Азербайджана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.