У Казахстане плануюць перагледзець паўнамоцтвы прэзідэнта
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў
У Казахстане чакаецца рэформа ўлады. Прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што сістэма кіравання, заснаваная на звышканцэнтрацыі паўнамоцтваў, больш не эфектыўная. У сувязі з гэтым патрэбны пераход "ад суперпрэзідэнцкай формы праўлення да прэзідэнцкай рэспублікі з моцным парламентам".
"Такая сістэма забяспечыць аптымальны баланс уладных інстытутаў і будзе спрыяць устойліваму развіццю краіны", — цытуе Такаева рэсурс vlast.kz.
Сярод прапаноў — забарона для прэзідэнта, а таксама шэрагу чыноўнікаў уваходзіць у якія-небудзь партыі.
"Зрошчванне партыйных структур з дзяржапаратам вельмі непажаданае. Манаполія ў палітыцы непазбежна прыводзіць да розных сацыяльных хвароб і дэградацыі дзяржавы", — сказаў Такаеў.
Акрамя таго, прапануецца ўвесці забарону для найбліжэйшых сваякоў прэзідэнта займаць пасады палітычных, дзяржаўных службоўцаў і кіраўнікоў у квазідзяржаўным сектары. Такаеў прапанаваў замацаваць гэтую норму ў Канстытуцыі.
Ён таксама гатовы адмовіцца "ад празмерных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў". На яго думку, гэта "зробіцца важным фактарам, які забяспечыць незваротнасць палітычнай мадэрнізацыі ў краіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.