У Кітаі зацікавіліся творамі Уладзіміра Караткевіча
Уладзімір Караткевіч
У Кітаі зацікавіліся творамі класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (1930 — 1984). Як піша "Звязда", у Беларусь прыехала кітайская літаратар і перакладчыца дзіцячай літаратуры Лі Цзянхуа. Яна выкладае рускую мову ў Акіяналагічным універсітэце ў Цындаа і праходзіць стажыроўку ў Інстытуце сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Выданне нагадвае, што ў КНР працуе група перакладчыкаў сучаснай беларускай літаратуры, а таксама твораў класікаў беларускай паэзіі і прозы на кітайскую мову.
"Мне шмат расказалі пра беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча, я даведалася, што ўжо перакладзена на кітайскую мову яго аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", — кажа Лі Цзянхуа. — Хацелася б і мне стаць перакладчыкам яго сапраўды неўміручых твораў, паколькі іх вельмі часта перавыдаюць".
Магчыма, кітаянцы расказалі, што раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" у Беларусі выключылі са школьнай праграмы. Пры гэтым у РБ афіцыйна прызнаецца, што кнігі Караткевіча працягваюць карыстацца папулярнасцю сярод беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.