У “Клуб рэдактараў” запрасілі тых, хто прыйсці не можа, а пра астатніх забыліся
Белдзяржтэлерадыёкампанія вырашыла задаволіць просьбу рэдактараў шэрагу недзяржаўных СМІ і запрасіць іх у праграму “Клуб рэдактараў” (яна выходзіць на тэлеканале "Беларусь 1" у нядзелю ўвечары). Як стала вядома Еўрарадыё, запрашэнне атрымалі трое з пяці падпісантаў звароту. І ўсе трое (Андрэй Бастунец, Святлана Калінкіна і Аляксандр Старыкевіч) з розных прычынаў вымушаныя былі адмовіцца ад запрашэння. А гэта дало падставу афіцыйным сродкам масавай інфармацыі абвінаваціць іх у няўменні трымаць слова. І “тэрмінова” шукаць іншых гасцей для запісу праграмы.
У той час, калі маглі наўзамен запрасіць двух астатніх з падпісантаў таго звароту, кажа Еўрарадыё шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько:
“Мяне здзіўляе, што звярнуліся менавіта да тых трох з пяці падпісантаў, якія ў гэты дзень (запрашэнне прыйшло ў чацвер у другой палове дня на запіс у пятніцу — Еўрарадыё) альбо не ў Беларусі, альбо ўжо мелі квіткі на ад’езд, альбо маюць на гэты час іншыя справы, і пра гэта было шырока вядома. Вось гэта мяне вельмі здзіўляе. Другое — ніхто да мяне не звяртаўся. Мне сёння тэлефанавала Марына Золатава (галоўны рэдактар TUT.BY) і казала, што яе таксама не запрашалі”.
На думку Андрэя Дынько, уся гэтая сітуацыя — штучна створаная. Праўда, кажа, невядома, з якой мэтай і “што ёй хацеў паказаць заслужаны артыст Беларусі Генадзь Давыдзька?”. І прыгадвае, як год таму Белдзяржтэлерадыёкампанія на падставе адсутнасці вядучага праграмы “Клуб рэдактараў” Генадзя Давыдзькі (на здымку) на працы з-за хваробы адмовіла ім у запрашэнні на праграму.
Тым не менш, кажа Дынько, ён прыйдзе на праграму, калі яго не толькі туды ўсё ж запросяць, але і зладзяць прамы эфір, а не запіс праграмы. “Бо ведаем на прыкладзе іншых людзей, як іх прамовы некарэктна “рэзалі”, — кажа шэф-рэдактар “Нашай Нівы”.
Нагадаем, 12 лютага рэдактары шэрагу недзяржаўных СМІ звярнуліся да кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі з просьбай даць ім магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў”. Ліст падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, намеснік галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.