У Курапатах 3 чэрвеня пройдзе мітынг партыі КХП-БНФ, дазволены Мінгарвыканкамам
Мінгарвыканкам дазволіў правесці ў Курапатах 3 чэрвеня мітынг-рэквіем "Дзень памяці пра генацыд". Пра гэта ў сваім акаўнце на Фэйсбуку паведаміў намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (КХП-БНФ) Сяргей Папкоў.
Мітынг запланаваны з 13.00 да 16.00. Пройдзе выстава фотаматэрыялаў і дакументаў, прысвечаных сталінскім рэпрэсіям. Плануюцца выступы палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, адбудзецца дэкламацыя вершаў, прысвечаных Курапатам, і твораў беларускіх паэтаў расстралянага пакалення.
Мітынг прымеркаваны да 30-годдзя выхаду ў свет артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты — дарога смерці". Ён быў надрукаваны 3 чэрвеня 1988 года ў газеце "Літаратура і мастацтва". З гэтага артыкула свет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.