У Курапатах адбыліся сутычкі супрацоўнікаў рэстарана з актывістамі

У Курапатах адбыліся сутычкі супрацоўнікаў рэстарана з актывістамі

Каля рэстарана "Поедем поедим" (раней вядомага як "Бульбаш-хол") працягваецца супрацьстаянне. Абаронцы Курапатаў сёння вывесілі на сценах забаўляльнага комплексу партрэты людзей, якія, хутчэй за ўсё, расстраляныя ў Курапатах, тэрыторыя якіх пачынаецца за 50 метраў ад комплексу.

Як перадае Радыё "Свабода", супрацоўнік рэстарацыі Дзмітрый пачаў зрываць плакаты, адбылася бойка з абаронцамі Курапатаў. Па словах актывістаў, супрацоўнік рэстарана быў нецвярозы, яго спрабавалі затрымаць, каб перадаць міліцыі, але ўрэшце адпусцілі. Кінарэжысёр Аляксей Туровіч напісаў заяву на супрацоўніка рэстарана, але адмовіўся сядаць у міліцэйскую машыну — без гэтага міліцыянты адмовіліся прымаць заяву пра напад.

Работнікі забаўляльнага комплексу паспелі сарваць некалькі плакатаў са сцен, але абаронцы Курапатаў абаранілі астатнія плакаты. Міліцыянты ў кароткую сутычку не ўмешваліся.

Міліцыя пакуль што не затрымлівала абаронцаў Курапатаў. Міліцыянты перапісалі пашпартныя звесткі пратэстоўцаў і склалі пратакол на сустаршыню БХД Паўла Севярынца.

Намеснік начальніка УУС Мінаблвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік міліцыі​ Віталь Казлоў папярэдзіў актывістаў пра адказнасць. Праваабаронца Наталля Гарачка ў сваю чаргу папярэдзіла пра адказнасць яго самога.

Рэстаран быў узведзены ў ахоўнай зоне Курапатаў, якую потым пасунулі дзеля яго. Абаронцы Курапатаў лічаць дзейнасць забаўляльнага комплексу каля мемарыялу амаральнай і патрабуюць, каб на месцы рэстарана быў музей. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі