У Літве апублікуюць даносы некалькіх сотняў агентаў КДБ
Літоўскі цэнтр даследавання генацыду жыхароў і супраціву пачаў публікаваць дакументы з архіваў КДБ. Усяго плануецца абнародаваць даносы некалькіх сотняў агентаў Камітэта дзяржбяспекі Літвы, піша Delfi.lt.
У гэтых дакументах — справаздачы пра дзейнасць літоўскіх эмігрантаў, прамысловы шпіянаж, слежку за каталіцкай царквой, а таксама інфармацыя пра людзей, якіх савецкая ўлада лічыла небяспечнымі для сваёй ідэалогіі.
З ужо апублікаваных дакументаў вынікае, што КДБ Літвы асабліва цікавіўся літоўскімі эмігрантамі ў ЗША і Канадзе. Напрыклад, агент "Святлоў" у ліпені 1981 года інфармаваў сваіх аператыўнікаў аб стварэнні кафедры літуаністыкі ў Ілінойскім універсітэце.
У паведамленнях агента "Караля", напрыклад, апісваецца дзейнасць літоўскіх эмігрантаў у ЗША, грамадскіх дзеячаў і арганізацый. Агент "Шарунас" даваў справаздачы пра працу эмігранцкіх друкаваных выданняў. Справаздачы шпіёнаў на сайце цэнтра будуць выкладацца да лета 2018 года.