У Літве прапануюць спыніць прыём заяў на грамадзянства ад беларусаў і расіян
Літоўскі пашпарт / DELFI
У літоўскі Сейм пададзеная прапанова спыніць прыём заяў ад грамадзян Беларусі і Расіі аб прыёме ў грамадзянства Літоўскай Рэспублікі. Такі законапраект зарэгістравалі чальцы Сейма, міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ і старшыня Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас, піша delfi.lt.
Сваю прапанову ініцыятары абгрунтоўваюць інатрэсамі нацыянальнай бяспекі і спасылаюцца на тое, што Расія і Беларусь удзельнічаюць у агрэсіі супраць украінскай дзяржавы.
Яны дадаюць, што не прапаноўваюць скасаваць магчымасць атрымання грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, а толькі часова прыпыніць прыём заяў і прыняцце рашэнняў аб прыёме ў грамадзянства. Прычым гэтая мерка, як падкрэсліваецца, не паўплывае на атрыманне грамадзянства па праве нараджэння або на аднаўленне літоўскага грамадзянства. "А грамадзяне Расіі і Беларусі, якія ўжо пражываюць у Літве з часовым або пастаянным відам на жыхарства, маглі б працягваць жыць у Літве, але іх заявы аб прыманні ў грамадзянства не будуць прымацца і пытанні аб іх грамадзянстве не буду разглядацца, за выключэннем прадугледжаных выпадкаў, калі асоба сама адмаўляецца ад грамадзянства Літоўскай Рэспублікі або калі асоба набыла грамадзянства іншай дзяржавы", — кажуць Білатайтэ і Кашчунас.
Яны паведамляюць, што ў 2021 г. грамадзянства Літвы па натуралізацыі атрымалі 33 грамадзян Беларусі і 45 грамадзян Расіі, у 2022-м — 16 беларусаў і 29 расіян. У 2021 годзе літоўскае грамадзянства ў спрошчаным парадку атрымалі 34 грамадзяніны Беларусі і столькі ж расіян, у 2022-м — 6 грамадзян Беларусі і 17 грамадзян Расііі.
У 2021 годзе грамадзянства Літвы вернутае тром беларусам і 15 расіянам, а ў 2022-м — 6 грамадзянам Беларусі і 16 грамадзянам РФ. У 2021 годзе літоўскае грамадзянства аднавілі 17 беларусаў і 77 расіян, а ў 2022-м — 10 беларусаў і 88 расіян.
Па словах Кашчунаса, законапраект аб санкцыях у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны мае быць прыняты ў Сейме найбліжэйшым часам. Мяркуецца, што ён набудзе моц 15 красавіка 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.