У Літве затрымалі беларуса з фальшывымі расійскімі правамі кіроўцы
Беларуса з фальшывымі правамі кіроўцы злавілі ў Літве
У пункце пропуску "Мядзінінкай" літоўскія памежнікі затрымалі беларуса, які паказаў ім фальшывае пасведчанне кіроўцы, паведамляе памежная служба Літвы.
Здарэнне адбылося ў ноч на 19 сакавіка. 38-гадовы беларус на BMW X5 пакідаў Літву. Ён паказаў памежнікам пашпарт, дазвол на жыхарства і правы кіроўцы, выдадзеныя ў Расіі. Менавіта правы кіроўцы выклікалі ў памежнікаў сумнеў.
Вывучыўшы дакумент, яны выявілі, што картка вырабленая не з полікарбаната, а ахоўная сетка, мікратэкст, фатаграфія і нумары дакумента надрукаваныя на струйным прынтары.
Мужчына расказаў, што працуе кіроўцам у літоўскай кампаніі. Па яго словах, некалькі гадоў таму, калі ён працаваў у Маскве, у яго скончыўся тэрмін дзеяння правоў кіроўцы. Ён пайшоў у Дзяржінспекцыю бяспекі дарожнага руху горада Адзінцова і атрымаў новы дакумент.
Аднак памежнікі яму не паверылі і арыштавалі. За выкарыстанне фальшывага дакумента на беларуса пачалі расследаванне — яму пагражае да чатырох гадоў турмы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.