У маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава адбыўся ператрус

У маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава адбыўся ператрус

31 сакавіка ў кватэры маладафронтаўца і экс-палітвязня Эдуарда Лобава адбыўся ператрус. Сам хлопец цяпер знаходзіцца ва Украіне, у кватэры жыве яго маці.

Па словах Марыны Лобавай, зранку каля 8.30 яна выходзіла на шпацыр з сабакамі. На лесвічнай пляцоўцы каля ліфта яе чакалі тры высокія мужчыны ў цывільным. Адзін з іх назваўся старшым оперупаўнаважаным ГУБАЗ Мінгарвыканкама Раманам Кіжапіным, паказаў пасведчанне і пастанову пракуратуры на ператрус у кватэры. Падставай называлася тое, што Эдуард Лобаў абвінавачваецца ва ўдзеле ў баявых дзеяннях ва Украіне.

Падчас ператрусу міліцыянты забралі з кватэры два ноўтбукі, працэсар ад камп'ютара, некалькі флэш-картак. Акрамя таго, як распавяла Лобава агенцтву БелаПАН, яны ўзялі літаратуру пра "Малады фронт", праваабарончыя выданні, а таксама набытую ў кнігарні "Акадэмкніга" кнігу па гісторыі.

Міліцыянты патрабавалі, каб Лобава аддала свой мабільнік, які быў ва ўнутранай кішэні курткі. Жанчына адмовілася, бо пастанова была толькі на ператрус кватэры, а не на асабісты дагляд. Да таго ж, заканадаўства прадугледжвае, каб такі дагляд праводзіла жанчына. Аднак Кіжапін, па словах Лобавай, сілай забраў у яе тэлефон, парваўшы пры гэтым падшэўку курткі.

Лобава кажа, што хоча звярнуцца ў пракуратуру са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі