У Магілёве на суд над блогерамі "нагналі студэнтаў і зладзілі цырк"
11 лютага суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пачаў разгляд крымінальнай справы брэсцкіх блогераў і грамадскіх актывістаў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Іх абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), у абразе прадстаўніка ўлады, а Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі. Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну пагражае да трох гадоў калоніі, паведамляе "Наша ніва".
Блогераў затрымалі яшчэ ў пачатку лета 2020-га, да прэзідэнцкіх выбараў. Спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля распачалі крымінальныя справы.
Мала таго, што Кабанава і Пятрухіна прывезлі судзіць у Магілёў, дык яшчэ адкрытае пасяджэнне аказалася па факце закрытым — зала аказалася запоўненыя студэнтамі.
"Паглядзіце, як праходзіць працэс: не пусцілі прэсу, не пусцілі блізкіх, якія адмыслова ехалі сюды, а нагналі студэнтаў і зладзілі цырк", — сказаў Кабанаў. Яго і Пятрухіна, дарэчы, выдалілі "за парушэнне парадку судовага пасяджэння".
"Выдаліце мяне, — прасіў у судзе Аляксандр Кабанаў. — Справа палітычна матываваная, вы не маеце права трымаць нас пад арыштам і судзіць.... Не мае ніякага значэння, тут я ці не. Навошта мне тут знаходзіцца?".
Блогеры выказалі недавер і суддзі, і пракурору. Яны патрабавалі, каб працэс ішоў на беларускай мове. Але хадайніцтвы не былі задаволены.
Суд працягнецца раніцай 16 лютага.
Кабанаў і Пятрухін прызнаныя палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.