Грамадзянка Расіі знаходзіцца ў "чорным спісе", яна праходзіць па справе аб умяшальніцтве Расіі ў прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах 2016 года. Раней Багачова нібыта працавала на "фабрыцы троляў".
Пакуль улады Беларусі ніяк не каментуюць сітуацыю, а ў Расіі ўжо пачынаюць з'яўляцца каментары. Спачатку старшыня камісіі Грамадскай палаты РФ па развіцці інфармацыйнай супольнасці, СМІ і масавых камунікацый Аляксандр Малькевіч пацвердзіў ria.ru факт затрымання расіянкі. Ён спасылаецца на сяброў Багачовай з Санкт-Пецярбурга. З абставінамі затрымання збіраюцца разбірацца ў Савеце па правах чалавека пры прэзідэнце РФ. Магчымы зварот да беларускага пасла Уладзіміра Сямашкі і дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгора Рапоты. Таксама прадстаўнікі Савета будуць кантактаваць з пасольствам Расіі ў Беларусі.
МЗС Расіі паведаміў, што расійскія дыпламаты ў Беларусі аказваюць консульскую падтрымку Ганне Багачовай. Такім чынам, расійскае знешнепалітычнае ведамства факт затрымання пацвердзіла.
Член камітэта па справах СНД Дзярждумы РФ Віктар Вадалацкі здзіўлены дзеяннямі ўладаў Беларусі ў справе з затрыманнем расіянкі ў Мінску. Ён назваў сітуацыю "сумнай" і выказаў спадзяванне на найхутчэйшае вызваленне Багачовай.
"Незразумела ніводнаму чалавеку цвярозага розуму ў Расіі, чаму Беларусь, братэрская нам рэспубліка, з якой мы будуем саюзную дзяржаву, паводзіць сябе такім чынам", — кажа Вадалацкі. Ён не выключае, што Мінск хоча прадэманстраваць сваю незалежнасць ад Масквы.