У Мінабароны заяўляюць, што ў статутах няма "істотных зменаў"

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота / t.me/vvmvdrb

У вайсковыя статуты не ўнеслі істотных правак. Так заявілі ў Мінабароны, каментуючы ўчорашнія паведамленні СМІ.

Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні быў прыняты ўказ Лукашэнкі, які ўносіў змены ў вайсковыя статуты. У прыватнасці, вайскоўцам давалася права страляць без папераджальнага стрэлу, "калі прамаруджванне ў іх ужыванні стварае непасрэдную небяспеку для жыцця вайскоўца або іншых грамадзян альбо можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы". Таксама новыя змены дазваляюць ужываць зброю супраць адміністрацыйных правапарушальнікаў.

Начальнік упраўлення інфармацыі Мінабароны Аляксей Ціцкі заявіў, што з 2001 года змены ў агульнавайсковыя статуты рабіліся ўжо 11 разоў. "Варта адзначыць, што ўнесеныя змены не зазналі істотных змен", — перадае яго загадкавыя словы прэс-служба вайсковага ведамства.

Па словах Ціцкага, патрабаванні наконт ужывання зброі не сталі больш жорсткімі адносна парушальнікаў закона. "У цяперашняй рэдакцыі вайсковец можа ўжыць зброю, як і раней, толькі пасля выразна выяўленага і відавочнага папярэджання аб намеры яе ўжыць, з прадастаўленнем дастатковага часу для выканання законных патрабаванняў", — заяўляе кіраўнік прэс-службы. Ён дадае, што норма пра ўжыванне зброі без папярэджання пры непасрэднай небяспецы для жыцця грамадзян была і раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі