У мінчанкі за ўдзел у акцыях з бел-чырвона-белым сцягам канфіскавалі маёмасць
У 69-гадовай грамадскай актывісткі з Мінска Ніны Багінскай судовыя выканаўцы канфіскавалі маёмасць — мікрахвалёўку і пральную машыну. Такім чынам спаганяюцца грошы ў лік штрафаў за вулічныя акцыі, у якіх яна ўдзельнічала. Накладзены арышт на дачныя ўчасткі Багінскай, паведамляе сайт "Беларускі дакументацыйны цэнтр".
Ніна Багінская — вядомая ўдзельніца вулічных акцый у Мінску (санкцыянаваных і несанкцыянаваных). На іх яна заўсёды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам. 15 траўня яна была на ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які прайшоў у парку Янкі Купалы (на здымку).
Па словах Багінскай, штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у яе сабралося на 40 мільёнаў рублёў. Канфіскаваныя рэчы належаць яе дзецям і ўнукам, але судовыя выканаўцы на гэта не звярнулі ўвагі, кажа актывістка. Дарэчы, у суды яна прынцыпова не ходзіць.