У Мінгарвыканкаме не кажуць, будзе Дзень горада сёлета або не
Мінск / Еўрарадыё
У другія выхадныя верасня ў Мінску традыцыйна праходзяць святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня горада. Звычайна да яго рыхтуюцца загадзя: усюды вывешваюцца сцягі і транспаранты, у інтэрнэце і СМІ з'яўляюцца афішы з праграмай свята. Але сёлета ўсё інакш.
У Мінгарвыканкаме не гавораць, будуць адзначаць Дзень горада мінчукі сёлета або не.
"Крыху пазней, — кажа спецыяліст па пытаннях СМІ Алена Мохар. — Праграма цяпер абмяркоўваецца, але пакуль не зацвярджаецца. Давайце дачакаемся панядзелка".
А вось у адміністрацыях раёнаў з адказамі не цягнуць.
Святочныя мерапрыемствы ў Дзень горада на тэрыторыі паркавых зон праводзіцца не будуць, гавораць у Фрунзенскім раёне. Чаму? "Не запланаваныя".
У адміністрацыі Цэнтральнага раёна расказваюць, што свята ў парку Перамогі, як летась, не будзе. Праз эпідэміялагічную сітуацыю не запланаваны таксама ніякія канцэрты пад адкрытым небам.
“У асноўным усе мерапрыемствы пройдуць на закрытых пляцоўках, — кажа начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Юрый Цаба. — Тэматычныя праекты будуць прадстаўлены ў літаратурным музеі Янкі Купалы і галерэі Савіцкага, у музеі Вялікай Айчыннай вайны пройдзе выстава "Вайна вачыма франтавых мастакоў", таксама будуць арганізаваныя пляцоўкі ва ўстановах адукацыі. Найбольш яркія — у 16-й і 36-й гімназіях, для дзяцей і падлеткаў у Цэнтры пазашкольнай работы "Кантакт" пройдзе гісторыка-пазнавальная гульня".
Што да вулічнага гандлю ў раёне Палаца спорту або гістарычнага цэнтра, па словах суразмоўніка, падрабязнасці можна будзе ўдакладніць толькі ў Мінгарвыканкаме.
Ужо вядома, што 6-ы Мінскі паўмарафон, які па традыцыі праходзіць у гэтыя ж дні, адменены. Афіцыйная прычына: правядзенне мерапрыемства можа пагражаць здароўю і бяспецы ўдзельнікаў.
У апошнія выходныя жніўня салігорцы павінны былі адсвяткаваць два святы: Дзень горада і Дзень шахцёра. Мерапрыемствы таксама былі адмененыя пасля забастоўкі работнікаў "Беларуськалія". Кожныя выходныя мінчукі выходзяць на шматлюдныя мірныя маршы і патрабуюць правесці новыя сумленныя выбары.
Ці не стане "эпідэміялагічная сітуацыя", якая раптам з'явілася (мы ж каранавірус перамаглі!), падставай адмяніць усе буйныя дзяржаўныя мерапрыемствы, каб беларусы не прыходзілі на іх з бел-чырвона-белымі сцягамі?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.