У мінскім аэрапорце англамоўныя надпісы заклейваць не плануюць
Табло ў мінскім аэрапорце
У нацыянальным аэрапорце "Мінск" не плануюць мяняць навігацыю і інфармацыйныя табло, аформленыя на чатырох мовах. Пра гэта паведамілі журналісту "Белсата", які затэлефанаваў як прыватная асоба.
Як распавядала Еўрарадыё, на гэтым тыдні вялікі розгалас атрымалі новаўвядзенні чыгуначнага вакзала ў Мінску. Там заклеілі сіняй ізастужкай англамоўныя надпісы, заявіўшы, што ў нашай краіне існуюць толькі дзве дзяржаўныя мовы, а кожнаму замежніку не дагодзіш.
У аэрапорце кажуць, што ніякіх загадаў наконт англамоўных надпісаў не атрымлівалі. Цяпер табло і шыльды ў тэрмінале аформленыя па-беларуску, па-руску, па-англійску і па-кітайску.
"На цяперашні момант зменаў няма, але ж мы міжнародны аэрапорт", — тлумачаць супрацоўнікі аэрапорта неабходнасць дублявання надпісаў на некалькіх мовах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.