У Мінску будуць судзіць падлетка, якога ў СК называюць кіраўніком кібермахляроў
Падлетку 17 гадоў
Следчы камітэт Беларусі паведамляе пра затрыманне больш як 30 удзельнікаў міжнароднай арганізаванай злачыннай групы, якая займалася кібермахлярствам. Група дзейнічала з 2021 года. У ейны склад уваходзіла больш за 700 чалавек з Украіны, Расіі, Беларусі і іншых краін, якіх у СК вызначылі як "рускамоўныя". Ашуканцы спецыялізаваліся на крадзяжы сродкаў з карт-рахункаў карыстальнікаў анлайн-крам. Для гэтага яны выкарыстоўвалі "фішынгавыя" інтэрнэт-рэсурсы.
Паводле слоў СК, адным з кіраўнікоў гэтай групы быў падлетак з Мінску. Яму 17 гадоў. Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да яго завершана. Хлопец, па версіі СК, займаўся распрацоўкай "праграмных прадуктаў для арганізацыі злачыннай дзейнасці скам-групы і аўтаматызацыі здзяйснення крадзяжоў". У выніку за некалькі гадоў удзельнікі групы выкралі ў беларусаў больш за 1,7 млн рублёў. Гаворка ідзе пра каля 6 тысяч крадзяжоў. Затрыманы падлетак, па словах прадстаўнікоў СК, атрымліваў 5% ад сумы выкрадзеных грошай. У выніку за паўтара года зарабіў больш за 90 000 рублёў. На відэа сілавікоў хлопец кажа, што дапамагаў рабіць боты і сайты.
Хлопца затрымалі ў ягонай кватэры. У паведамленні ведамства гаворыцца, што падлетак прызнаў сваю віну і дэталёва распавёў пра ўдзельнікаў супольнасці. Пазней у Беларусі і Расіі былі затрыманыя 34 чалавекі. "У дачыненні да 19 абвінавачаных прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту", – дадалі ў СК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.