У Мінску могуць з'явіцца вуліца Іосіфа Лангбарда і завулак Генадзя Цітовіча
Праект парку ў "Паўночным горадзе"/ realt.by
Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і плошчаў вызначылася з магчымымі назвамі вуліц у жылым комплексе "Паўночны бераг". Яго будуюць, нагадаем, паміж Цнянскім вадасховішчам і мікрараёнам Дразды. Пра гэта распавядае агенцтва "Мінск-Навіны".
Адну з вуліц Камісія прапануе назваць імем архітэктарам Іосіфа Лангбарда, які праектаваў беларускі Дом урада, будынкі Тэатра оперы і балета, Дома афіцэраў і Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Яшчэ адну вуліцу могуць назваць імем архітэктара Аляксандра Воінава. Сярод яго работ — жылыя дамы на вуліцы Маскоўскай і гасцініца, якая цяпер называецца Crowne Plaza. Іншыя вуліцы прапануюць назваць імем мастакоў Паўла Масленікава і Віталя Цвіркі, а таксама акадэміка Мікалая Барысевіча.
Камісія вызначылася і з назвамі завулкаў у новым мікрараёне "Паўночны". Адзін з іх атрымае імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Другі —мастака Івана Хруцкага. Трэці завулак назавуць у гонар этнографа і фалькларыста Генадзя Цітовіча. У свой час ён запісаў больш за тры тысячы народных песень і зрабіў шмат канцэртных апрацовак для хору. Мікрараён "Паўночны" узводзіцца па замове УКБ Цэнтральнага раёна і будзе складацца з катэджаў і таунхаусов.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.