У Мінску патрабуюць адклікаць з Беларусі амбасадара Ізраіля
Былыя беларускія палітзняволеныя і сваякі цяперашніх вязняў сумлення патрабуюць адклікаць Іосіфа Шагала.
Зварот з такім патрабаваннем адпраўлена прэзідэнту Ізраіля Шымону Перэсу і іншым кіраўнікам гэтай дзяржавы. Такім чынам былыя палітзняволеныя і сваякі цяперашніх вязняў сумлення адрэагавалі на скандальную заяву амбасадара, які назваў беларускіх палітзняволеных "крымінальнікамі".
У лісце адзначаецца, што такіх выказванняў, якія дазволіў сабе Шагал, не дазваляюць дыпламаты іншых краін. "Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не раз станавілася прадметам абмеркавання міжнароднай супольнасці, — цытуе заяву БелаПАН. — У сувязі з парушэннямі правоў чалавека, наяўнасцю палітвязняў ў адносінах да службовых асобаў краіны уведзеныя візавыя санкцыі. Нават афіцыйныя ўлады Беларусі дэ-факта прызнаюць наяўнасць палітзняволеных".
Ліст падпісалі 46 чалавек, сярод іх — жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, жонка палітвязня Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, былыя палітвязні Павел Севярынец, Андрэй Саннікаў, Зміцер Дашкевіч ды іншыя.
Нагадаем, увечары 14 лютага прэс-служба МЗС Ізраіля распаўсюдзіла заяву, у якой адзначаецца: "Словы амбасадара ў Мінску ні ў якой меры не адлюстроўваюць пазіцыю дзяржавы Ізраіль". МЗС Ізраіля выказвае шкадаванне з-за інцыдэнта.
Ізраільскі палітолаг: Ад слоў Шагала наш МЗС ужо не раз хапаўся за галаву
Фота — bymedia.net