У Мінску пройдзе "Агульная дыктоўка" па беларускай мове

У Мінску пройдзе "Агульная дыктоўка" па беларускай мове

2 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску пройдзе "Агульная дыктоўка" па беларускай мове. Напісаць дыктоўку і праверыць сваю пісьменнасць змогуць усе ахвочыя. 

Для тых, хто захоча праверыць свае веды па беларускай мове, акрамя інтэрнэт-трансляцыі будзе арганізаваная трансляцыя на Першым канале Нацыянальнага радыё.

Летась у такім праекце прынялі ўдзел больш за 170 чалавек. 

Для ўдзелу ў дыктоўцы неабходна зарэгістравацца па гэтай спасылцы. У дзень дыктоўкі трэба з'явіцца ў Нацыянальную бібліятэку (праспект Незалежнасці, 116) не пазней за 11.30 (уваход з боку рэстарана "Явар", другі паверх) альбо падключыцца да Першага канала Нацыянальнага радыё або інтэрнэт-трансляцыі дома.

Дыктоўка пачнецца ў 12.20 і працягнецца да 13.20. Сёлетні тэкст дыктоўкі прысвечаны 400-годдзю першага беларускага буквара. Чытаць яго будзе Руся — cпявачка, акторка беларускага дубляжу, "голас беларускай чыгункі", трэнерка па пастаноўцы голасу.

Пасля дыктоўкі ўдзельнікі змогуць у спецыяльнай зоне пагуляць у беларускія настольныя гульні і сфатаграфавацца.

Працы мінчукоў правераць прафесійныя філолагі. Вынікі паведамяць на працягу пяцi працоўных дзён. Усе ўдзельнікі дыктоўкі атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты аб удзеле ў дыктоўцы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі