Онлайн з саміта ў "нармандскім фармаце" ў Палацы Незалежнасці ў Мінску
У Мінску з перапынкамі праходзяць перамовы "нармандскай чацвёркі" у вузкім фармаце.
11-12 лютага ў Мінску ў Палацы Незалежнасці праходзіць сустрэча ў "нармандскім фармаце", прысвечаная сітуацыі на Данбасе. Для ўдзелу ў ёй прыляцелі канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Перамовы ў "нармандскім фармаце" – другі дзень (онлайн, фота, відэа)
З'явіўся тэкст дэкларацыі лідэраў краін "нармандскай чацвёркі" (фота)
11:20 Перамовы працягваюцца. Але паводле ацэнак нашага журналіста Алеся Пілецкага падпісанне дакумента калі адбудзецца, то ў лепшым выпадку праз некалькі гадзін.
11:10 Чацвёрка зноў працягвае перамовы ў чайным пакоі. Да іх далучылася спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні.
11:00 Да Парашэнкі, Меркель і Аланда далучыўся Пуцін. Перамовы праходзяць зноў у фармаце чацвёркі.
10:50 У Палацы Незалежнасці адбываецца блытаніна. Лідэры краін ходзяць з аднаго кабінета ў другі. Ці будзе падпісанне нейкага дакумента не ясна.
10:40 Кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін паведаміў, што перамовы ў Мінску працягваюцца.
"Мы працягваем працаваць, мы працуем бесперапынна ва ўсіх магчымых фарматах", – сказаў Клімкін РІА Навіны, адказваючы на пытанне, ці працягваецца праца ў "нармандскім фармаце".
10:35 Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што пакуль на перамовах у Мінску няма добрых навін, а некаторыя прапановы расійскага боку ён назваў "непрымальнымі", перадае агенцтва Франс Прэс.
"На жаль, пакуль добрых навін няма. На дадзены момант ні адной навіны. Надзея ўсё яшчэ ёсць", – сказаў ён.
10:20 Парашэнка, Аланд і Меркель сышлі з перамоўнага пакоя на другі паверх. У пакой дзе магчыма будуць падпісваць дакумент. Але тут няма Пуціна, ён выйшаў з пакоя некаторы час таму і знік.
Каля двух гадзін таму памочнік Пуціна Суркоў з'ехаў з Палаца на сустрэчу з кіраўнікамі "ДНР" і "ЛНР". Як меркавалася ён павёз ім пагадненне, каб яны з ім пагадзіліся. Мабыць пакуль не будзе іх згоды дакумент лідэры 4-х краін не падпішуць.
10.15. Распрацаваны ў Мінску дакумент прадугледжвае перамір'е з 14 лютага, адвод цяжкіх узбраенняў, стварэнне зоны бяспекі. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
10.00. Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, магчыма, правядуць у чацвер раніцай сумесную прэс-канферэнцыю, паведамляе БЕЛТА.
09.53. Пётр Парашэнка і Уладзімір Пуцін выйшлі, іншых лідараў пакуль не відаць, паведамляе наш карэспандэнт Алесь Пілецкі.
Фота: AFP
09.35. Памочнік прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў, а таксама лідары самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі прыбылі на месца правядзення перамоваў кантактнай групы па Украіне ў Мінску, перадае РІА "Новости".
Суркоў, лідары "ДНР" і "ЛНР" выйшлі з аднаго аўтамабіля і прайшлі ў будынак, у якім засядаюць прадстаўнікі кантактнай групы.
09.20. Перамовы працягваюцца ўжо 13 гадзін. Усе стаміліся.
08.52. Як інфармуе РІА "Новости", выніковы дакумент мінскага саміта, які падпішуць лідары Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі, перададуць трохбаковай кантактнай групе (Украіна — Расія — АБСЕ). Апошняя, нагадаем, два дні, як засядае ў Мінску. У яе ўваходзяць і прадстаўнікі самаабвешчаных "ЛНР" і "ДНР".
08.40. Выйшлі міністры замежных спраў, на перамовах засталіся толькі лідары краін. Памочнік прэзідэнта Расіі Уладзіслаў Суркоў пакінуў Палац незалежнасці.
08.38. Дакумент па выніках перамоваў "нармандскага чацвёркі" па Украіне узгоднены на 80%, у ім утрымліваецца 10 пунктаў, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоваў.
08.30. Па выніках перамоваў "нармандскай чацвёркі" мяркуецца падпісаць дакумент па ўрэгуляванні сітуацыі ў Украіне, які складаецца з больш чым дзясятка пунктаў. Як паведаміла ТАСС дыпламатычны крыніца, блізкая да перамоваў, "не так істотна, як будзе называцца гэты дакумент — дэкларацыя або заява, але мяркуецца, што ў ім будуць пазначаныя канкрэтныя меры па ўрэгуляванні сітуацыі, прыкладна 12-13 пунктаў".
08.00. Ну вось, мінскі саміт блізкі да заканчэння. Як перадае з Палаца Незалежнасці карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, падпісанне дакумента чакаецца ў бліжэйшую гадзіну. Дакладны час пакуль не называецца.
07.35. Тэлежурналістаў запрасілі ў залу, дзе мусіць адбыцца падпісанне дакумента лідарамі Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі. Для іншых журналістаў уключылі трансляцыю на маніторы. У Палацы Незалежнасці ажыўленне. Верагодна, сапраўды, на перамовах удалося ўзгадніць усе спрэчныя пытанні.
07.31. Адчуваецца, што фінал ужо блізкі. Верагодна, у бліжэйшую гадзіну стане вядома пра вынікі перамоваў. Усе стаміліся, у тым ліку, і палітыкі. Ідзе 12-я гадзіна саміта.
07.20. Пакуль лідары краін працягваюць спрэчкі, на нашым сайце з'явіўся рэпартаж Яўгена Валошына "Чым займаліся сепаратысты-беларусы да вайны на Данбасе". Гэта ўжо другая частка, першая — "Баец-беларус з "ЛНР": Нашых тут шмат, больш за 500 чалавек, яны паўсюль…".
07.00. Не "барацьба нерваў" ідзе на перамовах. Поспеху зможа дамагчыся той, хто вытрымае і не засне.
Фота: Getty Images
06.37. Абмяркоўваецца арганізацыя кантроля за ўкраінска-расійскай мяжой
Сярод апошніх пытанняў, якія вырашаюцца лідарамі краін — арганізацыя кантроля за ўкраінска-расійскай мяжой на тэрыторым Луганскай і Данецкай абласцей. "Перамовы ідуць цяжка, але ёсць надзея на поспех", — заявіў прадстаўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства Яўген Перабійніс.
Ідзем на рэкорд – Перамовы ў Мінску працягваюцца ўжо 10 гадзін
06:00 Варту каля кабінета, дзе ідуць перамовы, змянілі ўжо другі раз. Лаўроў гуляе па калідорах Палаца, але нічога не кажа. Лідары краін размаўляюць паміж сабой.
05:13 Перамовы зацягваюцца... Пайшла 10 гадзіна і ніякай інфармацыі.
Фота: @lenta_super
04:40 Перамовы ў Мінску працягваюцца. У прэс-цэнтры спяць расійскія і французскія журналісты, а беларускія не спяць. На дадзены момант гэта ўся інфармацыя з саміту.
Валерый Чалы, намеснік кіраўніка адміністрацыі Парашэнкі: Па стане на 2-30 (мінскі час) перамовы ў Мінску працягваюцца. Гадзін сем працавалі камандамі. Цяпер у фармаце чатырох лідэраў (без дарадцаў). Аб падрабязнасцях яшчэ рана. Думаю, што ў нас яшчэ работы гадзін на 5-6. Як мінімум. Але без дамоўленасці аб безумоўным спыненні агню, я лічу, адсюль нельга з'ехаць. Пайшла "барацьба нерваў".
4 раніцы. У твітары БелТА на нейкі час з'явілася паведамленне, што перамовы скончыліся. Але яно было хутка выдалена. Хаця некаторыя СМІ паспелі на яго спаслацца. На цяперашні момант вядома, што перамовы працягваюцца. Такім чынам перамовы цягнуцца ўжо 8 гадзін, а журналісты працуюць у Палацы Незалежнасці 13 гадзін.
МЗС Германіі ў твітэры: Перамовы ідуць не проста. Кіраўнік МЗС Франк-Вальтер Штайнмаер нават перанес з-за гэтага свой візіт у Бразілію, каб застацца ў Мінску.
Telegraph са спасылкай на AP піша вакол чаго ідзуць спрэчкі:
1. Украіна хоча пакінуць лінію размежавання ўзгодненую ў верасні. Расія хоча каб была тая лінія, якая зараз з новымі заваёванымі тэрыторыямі.
2. Расія кажа, што не мае войскаў на ўсходзе Украіны.
3. Украіна хоча вярнуць кантроль над мяжой, Расія лічыць, што захопленыя памежныя пасты павінны застацца пад катролем сепаратыстаў.
4. Украіна кажа, што можа даць шырокія правы Луганску і Данецку ў адпаведнасці з заканадаўствам. Расія хоча гарантый і каб Украіна зняла фінансавую блакаду на ўсходзе.
3 гадзіны ночы. Усе журналісты кудысьці пабеглі. Бяжыць і наш Алесь Пілецкі. Але пакуль не ясна куды і навошта. Зараз усе стаяць каля пакоя для перамоў. Ён зачынены. Інфармацыі няма і навошта ўсё туды прыбеглі ніхто не ведае.
Перамовы аднавіліся прыкладна а 2:30 ночы. А пакуль была вячэра Еўрарадыё сабрала фотаздымкі з самміта – Лукашэнка дорыць кветкі Меркель і ўсміхаецца Аланду — фотарэпартаж
Арганізатары саміту паведамляюць, што лідэры "чацвёркі" перапыніліся на вячэру. Пасля перамовы працягнуцца. Пакуль лідэры ядуць, падданыя могуць паглядзець смешны коуб – Лукашэнка загаварыўся з Меркель і не даў Пуціну сесці (відэа)
Лаўроў: перамовы ў Мінску ідуць лепш, чым супер
Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што перамовы ў "нармандскім фармаце" у Мінску ідуць лепш, чым супер, перадае "Інтэрфакс".
Паводле яго слоў, гутарка чатырох прэзідэнтаў ідзе актыўна. Пры гэтым памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў адзначыў, што перамовы ідуць вельмі інтэнсіўна.
Ужо пайшла пятая гадзіна перамоваў. Кіраўнікі краінаў зноў прерайшлі да фармату перамоваў ў вузкім коле. Міністры і памочнікі пакінулі пакой перамоў.
Украінскія журналісты маюць іншае меркаванне на гэты конт
Стала вядома для чаго Парашэнка пакідаў залу перамоваў
"Громадське ТБ" паведамляе ў твітэры, што Парашэнка выходзіў пагаварыць з Генштабам Украіны.
Крыніца РІА Навіны ў дэлегацыі Германіі паведамляе, што бакі перайшлі да абмеркавання тэхнічных дэталяў новага пагаднення, якое можа быць падпісана па выніках сустрэчы.
Парашэнка пакідаў залу перамоваў, каб паразмаўляць з Генштабам Украіны
У зале для прэсы абвясцілі, што па выніках саміта магчымы выхад лідараў да журналістаў і сумесная заява. "Аднак пакуль нічога дакладна невядома".
Пачаліся перамовы ў пашыраным фармаце
Пуцін, Парашэнка, Меркель, Аланд і Лукашэнка ўсё ж выйшлі да журналістаў для сумеснага фота. Пасля гэта перамовы пачаліся ў пашыраным фармаце. Да гэта перамовы праходзілі толькі паміж лідэрамі краін "нармандскай чацвёркі".
Міністр замежных спраў Беларусі распавёў пра запланаваныя візіты ў краіны ЕС
Журналісты паразмаўляўлі з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Ён распавёў пра міратворчую місію Беларусі, а таксама паведаміў, што пагутарыў з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель, калі сустракаў яе ў аэрапорце.
Макей паведаміў, што ў бліжэйшы час запланаваны шэраг візітаў у краіны ЕС, а таксама шэраг візітаў міністраў замежных спраў краін ЕС у Беларусь.
Міністр распавёў і пра арганізацыю саміту. Па словах Макея пра тое, што ён будзе праходзіць у Мінску, стала вядома ў нядзелю і арганізоўваць яго давялося ў сціслыя тэрміны. Усё рабілі абапіраючыся на досвед самітаў СНД і вопыт савецкіх часоў, кажа Макей. Некаторыя моманты ў працы з заходнімі калегамі для беларускага боку "былі новымі".
Уладзімір Макей распавёў журналістам, што міністры замежных спраў Расіі, Нямеччыны, Францыі і Украіны ў Мінску ўжо другі дзень. Яны праводзілі перамовы 10 лютага да позняй ночы.
Міністр замежных спраў гутарыў у Палацы Незалежнасці з незалежнай прэсай і быў добразычлівы.
Макей пацвердзіў, што на двух пасяджэннях разглядаецца адзін і той жа дакумент
"Цяпер паралельна разглядаецца адзін і той жа дакумент як ўдзельнікамі кантактнай групы, так і на саміце кіраўнікоў дзяржаў у "нармандскім" фармаце. Для дасягнення пазітыўнага выніку спатрэбіцца яго ўхваленне ўсімі ўдзельнікамі", — сказаў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Да перамоваў "нармандскай чацвёркі" далучыліся дыпламаты
Перамовы прэзідэнтаў Украіны, Францыі, Расіі і канцлера Нямеччыны працягнуліся ў пашыраным фармаце. Як перадае "Інтэрфакс", да лідараў дзяржаў далучыліся міністры замежных спраў гэтых краін. Аднак ніякай інфармацыі пра дэталі перамоваў пакуль што няма.
Фота: ria.ru
Украінскі пасол кажа, што па выніках перамоваў будзе падпісаны "нейкі выніковы дакумент"
Міхаіл Ежаль, пасол Украіны ў Беларусі, заявіў, што па выніках перамоваў у Мінску будзе падпісаны "нейкі выніковы дакумент", інфармуе РІА "Новости". Яго змест невядомы.
Нагадаем, у Мінску засядаюць не толькі лідары Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі, але і трохбаковая кантактная група.
Фота: AFP
Пакуль засядаюць лідары краін, у іншым будынку ў Мінску зноў сабралася кантактная група
Увечары 11 лютага ў Мінску ў комплексе "Дыпсэрвіс Хол" зноў сабралася трохбаковая кантактнай група (Украіна — Расія — АБСЕ), якая засядала ў сераду. Яна абмяркуе праект пратакола аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе, інфармуе БЕЛТА. У паседжанні ўдзельнічаюць прадстаўнікі самаабвешчаных "ЛНР" і "ДНР".
Расійскага журналіста не выгналі з Палаца Незалежнасці
Па Палацу Незалежнасці ходзіць расійскі журналіст Павел Зарубін, які раней крыкнуў прэзідэнту Украіны: "Спадар Парашэнка, чаму вашы войскі бамбуюць мірныя горада?". Аказалася, што яго не выгналі з будынка. Служба аховы Лукашэнка паразмаўляла з ім, цяпер ён паводзіць сябе спакойна.
Парашэнка і Пуцін паціснулі рукі
Перад пачаткам перамоваў прэзідэнты Украіны і Расіі паціснулі рукі ды абмяняліся некалькімі фразамі. Гэта адбылося ў момант, калі лідары краін сабраліся ў адным пакоі. Пасля гэтага пачаліся пратакольныя здымкі, інфармуе РІА "Новости".
Пратакол саміту парушаны – пачаліся перамовы
Прадстаўнік аховы Палаца Незалежнасці паведаміў журналістам, што пратакол сустрэчы быў парушаны. Лідэры краін не выйшлі на фотасесію, а адразу перайшлі да перамоваў у фармаце чацвёркі, без Аляксандра Лукашэнкі. Што будзе далей не вядома. Ідуць перамовы і не ясна колькі яны працягнуцца, паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.
Лукашэнка пра нешта размаўляе з лідарамі краін "нармандскай чацвёркі"
На саміце адбылося незапланаванае мерапрыемства. Пасля прыезду Пуціна лідэры краін павінны былі ісці ў пакой для перамоваў учатырох - Парашэнка, Пуцін, Аланд і Меркель. Але Аляксандр Лукашэнка адвёў іх у асобнае памяшканне дзе яны доўгі час (каля паўгадзіны) аб нечым размаўляюць. Журналістам ўжо тры разы аб'яўлялі, што лідэры краін выйдуць праз хвіліну.
Як сустракалі ў мінскім аэрапорце Аланда, Меркель і Парашэнку (фота)
Пуцін прыбыў у Палац Незалежнасці. Цяпер усе лідары краін "нармандскай чацвёркі" выходзяць на агульную фотасесію.
Лукашэнка сустрэў Меркель і Аланда
Аляксандр Лукашэнка павітаўся з Аландам. Ангеле Меркель ён падараваў букет кветак і нешта распавядаў паўхвіліны без перекладчыкаў. Прыезд Пуціна чакаецца праз 15 хвілін.
Арганізатары саміта паведамляюць, што Уладзімір Пуцін прыбудзе праз 20 хвілін. Журналісты жартуюць, што праз гэты час ён прыбудзе ў аэрапорт Унукава.
Журналіста тэлеканала "Расія" выдалілі з Палаца Незалежнасці
Пад час прыезду Пятра Парашэнкі журналіст Павел Зарубін з тэлеканала "Расія" крыкнуў яму: Спадар Парашэнка, чаму вашы войскі бамбяць мірныя гарады?
Ахова вывела яго з залы. Ахоўнік паведаміў журналістам, што іх калега зусім выдалены з Палаца Незалежнасці за правакацыйныя дзеянні.
Аляксандр Лукашэнка чакае канцлера Германіі Ангелу Меркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, якія прыбываюць а 19:10
Фота: Reuters
Пачалася сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі. Тым часам карыстальнікі сацсетак пішуць, што ў Мінску ўтварыліся аўтамабільныя заторы з-за перакрыцця дарог для праезду картэжаў.
Фота: Andrei Aliaksandrau
Сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі пачнецца а 18:40, пасля праз паўгадзіны разам да прэсы выйдуць Лукашэнка, Аланд і Меркель.
Праз 20 хвілін адбудзецца сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі. Ён прыбывае першым у Палац Незалежнасці.
Стаў вядомы расклад працы самміта. Спачатку Аляксандр Лукашэнка сустрэне кожнага з лідараў краін і праводзіць іх у асобны пакой. Потым запланаваны невялікі агульны выхад перад перамовамі. Гэта адбудзецца на першым паверсе Палаца Незалежнасці. Пасля чаго лідары краін-удзельніц перамоваў накіруюцца у залу перамоваў.
Меркель у мінскім аэрапорце сустрэў... Аланд (відэа)
Ахоўнікі Палаца Незалежнасці пачалі папярэджваць журналістаў, якія выходзяць папаліць, што хутка перастануць выпускаць з будынка – пачынаецца "асаблівы рэжым". Верагодна, у Палац хутка прыедзе Лукашэнка.
Кіраўнікі "Нармандскай чацвёркі" прыбываюць у Мінск
Тым часам лідары краін "Нармандскай чацвёркі" прыбываюць у Мінск. Па стане на 18 гадзін прызямліліся кіраўнікі Францыі, Германіі, Расіі. Парашэнка амаль на падлёце.
Парашэнка ляціць у Мінск
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выляцеў у Мінск. Раней паведамлялася, што ён мусіць прыбыць у беларускую сталіцу першым. Аднак, як стала вядома, Уладзімір Пуцін ужо можа быць у Мінску.
У СМІ з'явіўся дакумент з прапановамі самаабвешчаных рэспублік
З'явіліся прапановы "ДНР" і "ЛНР" на перамовах у Мінску. Прадстаўнікі незаконных фармаванняў прапануюць спыніць агонь з 12 лютага, аб'явіць аб заканчэнні антытэрарыстычнай аперацыі, прадаставіць "асобным раёнам" Данбаса аўтаномію і правесці там выбары, паведамляе УНІАН. Нагадаем, што 10 лютага ў Мінску збіралася трохбаковая кантактная група (Украіна — Расія — АБСЕ), якая абмяркоўвала шляху да мірнага рашэння канфлікту на Данбасе.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў маліцца аб поспеху мінскага саміту
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў маліцца аб поспеху мінскай сустрэчы ў "нармандскім фармаце".
"Усе мы вельмі занепакоеныя развіццём сітуацыі ў брацкай Украіне, дзе не сціхае, але разрастаецца збройны канфлікт, — цытуе словы Тадэвуша Кандрусевіча БЕЛТА. — У выніку пакутуюць і гінуць як непасрэдныя яго ўдзельнікі, так і ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі, з дня у дзень павялічваецца колькасць уцекачоў, руйнуюцца гарады і вёскі, знішчаецца эканоміка, нарастае сацыяльна-палітычная напружанасць... У апошнія дні з'явілася новая надзея на дыпламатычнае рашэнне гэтага зацяжнога канфлікту, пра што сведчаць інтэнсіўныя кантакты, перамовы і заявы сусветных палітычных лідараў. Учора ў Мінску адбылося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне. На сёння ў беларускай сталіцы ў так званым нармандскім фармаце запланавана сустрэча прэзідэнтаў Украіны, Расіі і Францыі, а таксама канцлера Нямеччыны з мэтай выпрацаваць канкрэтныя шляхі вырашэння канфлікту".
У Палацы Незалежнасці частуюць цукеркамі, кавай і вадой
Журналістаў (а іх больш за 500) у Палацы Незалежнасці частуюць цукеркамі “Камунаркі” ("Рашэн" няма), а таксама кавай і вадой. Пакуль больш ніякай ежы няма, паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.
Расійскія журналісты трымаюцца асобна
Расійскія журналісты, у чаканні пачатку саміта, трымаюцца асобна ў адной зале. Беларусы, украінцы, французы і ўсе іншыя займаюць залю, дзе нядаўна праходзіла прэс-канферэнцыя Лукашэнкі.
На чым ляцяць у Мінск лідары Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расіі (фота)
Перамовы ў Мінску могуць зацягнуцца да 2-й гадзіны ночы
Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё, з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што раней за другую гадзіну ночы саміт у Мінску не скончыць сваю працу. Журналісты маральна рыхтуюцца да таго, што давядзецца начаваць у Палацы Незалежнасці.
У якім парадку прыбудуць на саміт лідары краін
Як інфармуе тэлекана АНТ, спачатку ў Мінск прылятае прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, пасля яго — канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, далей — прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Апошнім прыбудзе расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Франсуа Аланд, Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін ляцяць у Мінск
Самалёт французскага прэзідэнта знаходзіцца на шляху ў беларускую сталіцу, інфармуе БЕЛТА. Як чакаецца, ён прыляціць каля 17-й гадзіны. У Мінск вылецеў і самалёт Уладзіміра Пуціна. На шляху ў Беларусь знаходзіцца і самалёт Ангелы Меркель.
Пуцін яшчэ ляціць у Мінск, а самалёт ужо тут
Самалёт Уладзіміра Пуціна прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Яго палёт пацвярджае сайт flightradar24.com. Верагодна, гэтым рэйсам прыляцеў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў — яго візіт у Мінск таксама анансаваўся.
Апазіцыйныя сайты ў Палацы Незалежнасці адчыняюцца "на раз-два"
Карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, які адным з першых прайшоў праз два кардоны аховы, злавіў вайфай у Палацы Незалежнасці. Сайты "Хартыі" і "Беларускага партызана" адчыняюцца хутка — "на раз-два".
Чаму французскія журналісты "з'язджаюць з глузду"
Дарэчы, у Палацы Незалежнасці інтэрнэт таксама па пашпартах. Французскія журналісты "з'язджаюць з глузду", спрабуючы гэта зразумець.
Два кардоны аховы
Яшчэ ў 14.30 журналістаў пачалі пускаць у Палац Незалежнасці, перадае з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі. Праверка на ўваходзе была вельмі пільная. Каб патрапіць у будынак, трэба прайсці два кардоны аховы.
Журналістаў запускаюць у залу, дзе нядаўна праходзіла прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Цікава, што беларускі сцяг вісіць збоку, па цэнтры знаходзіцца сцяг Нямеччыны.
Лукашэнка можа правесці двухбаковыя сустрэчы з удзельнікамі саміта
Як стала вядома, удзельнікі саміта пачнуць прылятаць у Мінск пасля 17-й гадзіны.
Як сусветныя лідары ішлі да перамоваў у Мінску (хроніка падзей)
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд атрымалі афіцыйнае ўпаўнаважанне ЕС для правядзення перамоваў у справе ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе ў "нармандскім фармаце".
Нямецкі палітолаг: Мінскія перамовы — рэальны шанец усім выйсці пераможцамі
БЕЛТА паведамляе, што асвятленнем сустрэчы ў беларускай сталіцы зоймуцца больш за 500 журналістаў.