У Мінску сцвярджаюць, што ўчора памежнік не заходзіў на тэрыторыю Літвы

Беларускім памежнікам хочацца хаця б на крок апынуцца ў ЕС? / vk.com/gpkgovby
Беларускім памежнікам хочацца хаця б на крок апынуцца ў ЕС? / vk.com/gpkgovby

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што ўчора беларускі памежнік не заходзіў на тэрыторыю Літвы. Напярэдадні пра гэта паведаміў літоўскі бок і апублікаваў відэа. Але гэты доказ не бянтэжыць кіраўніцтва беларускага памежніка, якое піша, што "выява з камер назірання скажае сапраўднае месцазнаходжанне беларускага вайскоўца". Нібыта на тым участку "праходжанне дзяржаўнай мяжы мае пэўныя асаблівасці". Таму паведамленне пра яе парушэнне "не адпавядае сапраўднасці". Што да мінулага здарэння, то сцвярджаецца наступнае: "Быў дапушчаны ненаўмысны заход на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі на глыбіню да 1 метра".

Абодва інцыдэнты адбыліся ў Швянчонскім раёне Літвы 12 і 18 красавіка. Літоўскі бок заявіў, што ў першы раз беларускі памежнік зайшоў на тэрыторыю Літвы на адзін метр, пасля чаго выйшаў з яе, у другі раз зайшоў "прыкладна на два метры".

У Мінску лічаць, што заявы літоўскіх памежнікаў пра падобныя інцыдэнты маюць на мэце "дыскрэдытацыю" беларускіх памежнікаў, а таксама "абвастрэнне сітуацыі на мяжы пад любой падставай". Дзяржаўны памежны камітэт РБ сцвярджае, што і літоўскія памежнікі часам парушаюць мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі