Украінскі журналіст Балабан: Дагэтуль прыязджаў у Беларусь без праблем
Уначы на 25 кастрычніка ў адным з гатэляў Мінска быў затрыманы ўкраінскі журналіст Мікола Балабан. Мікола — выдавец The Village Украіна, які прыехаў у Мінск на Форум медыяменеджмента і ІТ.
Пра гэта ў Фэйсбук паведаміў адзін з удзельнікаў Форуму Вітаўт Руднік. У размове з Еўрарадыё Вітаўт кажа, што Балабана ўсё ж адпусцілі пасля праверкі ў РУУС.
Журналісту Еўрарадыё Балабан сказаў, што не ведае прычын свайго затрымання, што да гэтага часу без праблем наведваў Беларусь і Расію. Ад іншых каментароў ён адмовіўся.
"Спадзяемся, што гэта было непаразуменне. Мы вырашылі захоўваць медыйнае маўчанне. Напэўна сёння Мікалай вернецца ў Кіеў і і распавядзе пра гэта больш падрабязна", — каментуе сітуацыю Дзмітрый Дабравольскі, менеджэр адукацыйных і PR праектаў IBB.
Таксама вядома, што Балабана затрымалі каля чатырох раніцы супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна. Яго праверылі і адпусцілі ў 11 гадзін дня.
Падобная сітуацыя ў лютым 2017 года здарылася з украінскім літаратарам Сяргеем Жаданам. Ён прыехаў у Мінск на паэтычны фестываль “Вершы на асфальце”. Уноч на 11 лютага Жадана затрымалі ў нумары гатэля "Юбілейны" і даставілі ў Ленінскі РУУС, дзе ён знаходзіўся да раніцы.
Пазней Жадану вярнулі пашпарт са штампам аб забароне на ўезд у Беларусь. Праваахоўнікі растлумачылі гэта тым, што ён неўязны ў Расію з-за “прыналежнасці да тэрарыстычнай дзейнасці”, а паколькі ў Беларусі адзінае візавае поле з РФ, то Жадан не можа наведваць і нашу краіну.
Украінская амбасада накіравала з гэтай нагоды ноту ў МЗС Беларусі. Амбасадар Беларусі ў Кіеве быў выкліканы ва ўкраінскі МЗС. Пазней сітуацыю абмеркавалі міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і яго ўкраінскі калега Павел Клімкін. У выніку гэтых перамоваў было вырашана скасаваць забарону на ўезд у Беларусь для Сяргея Жадана.