У Мінску затрымалі наркадылера, які ўцёк з Расіі з падробленым пашпартам
У Мінску затрымалі наркадылера, які ўцёк з Расіі з падробленым пашпартам. 28-гадовы мужчына знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УУС Мінскага аблвыканкама Надзея Ерашова, наркадылер спачатку дзейнічаў у Расіі, а калі на яго след выйшла паліцыя, перабраўся ў Беларусь. Аднак у Мінску ён не проста хаваўся на здымнай кватэры, а паспрабаваў наладзіць распаўсюд наркотыкаў у сталіцы і ў Мінскім раёне. Мужчына прапаноўваў какаін, кетамін, мефедрон, маркі, MDMA і псіхатропныя таблеткі, якія атрымліваў ад пастаўшчыка праз схованкі. Такім жа чынам наркотыкі перадаваліся пакупнікам.
Міліцыя вылічыла наркадылера. Аперацыя па затрыманні праходзіла ў Кастрычніцкім раёне сталіцы. У кватэры расіяніна знайшлі наркотыкаў на больш чым 50 тысяч долараў па коштах чорнага рынку.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў".