У Мінску затрымалі настаўніка — папрасіў вучня патрыятычнага класа зняць форму

У школе, ілюстрацыйнае фота

У школе, ілюстрацыйнае фота / nashkraj.by

Сілавікі затрымалі настаўніка фізікі і інфарматыкі адной з мінскіх школ. Паводле іх слоў, педагог "здзекаваўся з вучня-патрыёта перад усім класам". На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ён "праціўнік вайскова-патрыятычнага выхавання школьнікаў і агулам курсу нашай краіны". Яму не спадабалася, калі адзін з вучняў 9-га класа прыйшоў на яго занятак у вайсковай форме. Ён папрасіў форму зняць.

Пасля гэтага настаўніка затрымалі. У яго тэлефоне знайшлі фота з акцый пратэсту. На відэа мужчына кажа, што хадзіў на акцыі разам з жонкай і дзецьмі. Сілавікі таксама публікуюць скрыншот паведамлення з чата "Сумленныя настаўнікі Мінска і Мінскай вобласці". У паведамленні аўтар піша, што раней 15 гадоў удзельнічаў у працы ўчастковых выбарчых камісій, але ў 2020-м адмовіўся "ўдзельнічаць у гэтым балагане". Заклікаў калег зладзіць страйк. "Калі пачнуць страйкаваць настаўнікі, будзе калапс у грамадстве. Няма куды падзець дзяцей, у бацькоў будзе нагода не ісці на працу", — гаварылася ў паведамленні.

Мужчына таксама кажа на відэа сілавікоў, што адміністрацыя школы ведала пра яго погляды. Медыязона высветліла, што імя настаўніка — Аляксандр Шыдлоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі