У Мінздароўя расказалі, колькі выпадкаў адру зарэгістравана ў краіне
Прышчэпка, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі на сённяшні дзень зарэгістравана толькі 59 выпадкаў захворвання на адзёр. Такую лічбу назваў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка.
Па яго словах, выпадкі захворвання зарэгістраваныя ва ўсіх рэгіёнах краіны акрамя Брэсцкай вобласці.
"У траціне выпадкаў захворванне звязанае з выездам за межы Беларусі. Апошнія выпадкі кажуць пра тое, што захворваюць дзеці, бацькі якіх адмовіліся ад вакцынацыі ў адпаведнасці з нацыянальным календаром прышчэпак супраць адру, краснухі і эпідпаратыту", — канстатуе Тарасенка.
У Беларусі такая прышчэпка робіцца планава ў 1 год і ў 6 гадоў, а таксама прышчэпкі робяцца ўсім, хто кантактаваў з хворым на адзёр.
Па словах лекара, пасля захворвання чалавек набывае практычна пажыццёвы імунітэт.
"Калі казаць пра клінічныя праявы — гэта слабасць, недамаганне, тэмпература, пяршэнне ў горле, кашаль. На 4-5 дзень — высыпка, якая пачынаецца з галавы, шыі і ідзе на тулава і канечнасці", — апісаў ён сімптомы захворвання. Па словах Тарасенкі, у 40% выпадкаў захворванне на адзёр дае ўскладненні, у тым ліку пнеўманію. Таму ён параіў рабіць прышчэпку самім і вакцынаваць дзяцей.
У суседняй з намі Расіі захворванне на адзёр вырасла амаль у 300 разоў. Паводле звестак СААЗ, у свеце зарэгістравана больш за 9 мільёнаў выпадкаў адру, больш за 170 тысяч — са смяротным вынікам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.