У музеі Азгура пакажуць арыгінальны фільм новай "Гульні тронаў"
17 ліпеня ў 19.00 у музеі Азгура пакажуць першую серыю новага, сёмага сезона "Гульні тронаў". Па словах Ірыны Карэлінай, спецыяліста аддзела карпаратыўных камунікацый velcom, які разам з "Атлант Тэлекам" займаецца арганізацыяй мерапрыемства, гаворка ідзе пра арыгінальны фільм:
"Атлант Тэлекам афіцыйна транслюе тэлеканал Fox, які мае эксклюзіўныя правы на трансляцыю "Гульні Тронаў" на тэрыторыі Беларусі і ў сваю чаргу мае дамову з праваўладальнікамі стужкі, кампаніяй HBO".
Новы фільм "Гульні тронаў" будзе дэманстравацца ў скульптурным зале музея. Чакаецца, што сярод гледачоў будзе лётаць дрэсіраваны крумкач, можна будзе заўважыць рыцараў і “белых хадакоў”.
Паглядзець стужку можна цалкам бясплатна. Аднак для гэтага трэба ці прайсці адмысловы тэст, ці ўдзельнічаць у конкурсах, якія можна знайсці па хэштэгу #включизиму.