У МЗС Беларусі выклікалі амбасадара Швецыі, каб заявіць пратэст
У МЗС Беларусі выклікалі амбасадара Швецыі Крысціну Юханесан, каб заявіць пратэст. Афіцыйны Мінск абураны "укрывальніцтвам" і "схаваным вывазам грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў вышуку". Гаворка пра Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў, якія здолелі ўцячы за мяжу. Акрамя ўручэння ноты, "з улікам названых недружалюбных крокаў афіцыйнага Стакгольма кіраўніку амбасады Швецыі даведзены прынятыя беларускім бокам меры ў дачыненні да амбасады і яе супрацоўнікаў".
Жыхары Віцебска, бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў мірных масавых пратэстах. Ім пагражаў крымінальны пераслед. У прытулку ў Швецыі ім адмовілі. Тады мужчыны перабраліся праз плот дыппрадстаўніцтва і засталіся на тэрыторыі амбасады ў Мінску. Яны жылі там паўтара года. А ў пачатку лета 2022 года стала вядома, што Кузнечыкам удалося вырвацца з Беларусі і яны цяпер у Латвіі.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз нядаўна назваў паводзіны шведскіх дыпламатаў "не зусім прыстойнымі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.