У МЗС Польшчы заявілі, што не пусцяць мігрантаў у краіну "ні пры якіх умовах"

Лагер бежанцаў на мяжы Беларусі з Польшчай / БЕЛТА​
Лагер бежанцаў на мяжы Беларусі з Польшчай / БЕЛТА​

Мігрантаў з польска-беларускай мяжы Польшча не пусціць на сваю тэрыторыю ні пры якіх умовах, заявіў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна ў жывым эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы".

Ясіна адзначыў, што польскі бок можа прапусціць мігрантаў толькі праз памежны пераход, але "яны ідуць праз мяжу ў лясах і палях, нелегальна і незаконна". У выпадку перасячэння мяжы на памежным пераходзе, прычым з падачай заявы, у мігрантаў з'явілася б законная магчымасць пражывання ў Еўрасаюзе, аднак, гэтага не адбываецца, сказаў Ясіна. 

Сам пераход, які знаходзіцца за 5-6 кіламетраў ад лагера, закрыты: "беларусы не пусцілі гэтых людзей на пераход", паведаміў прадстаўнік МЗС Польшчы.

У гэтай сітуацыі адзінае, што застаецца польскаму боку па міжнародных законах, — гэта "глядзець і прапаноўваць беларусам нашу гуманітарную дапамогу", сказаў прэс-сакратар МЗС Польшчы. 

Сітуацыю на польска-беларускай мяжы Ясіна ахарактарызаваў як спакойную і дадаў, што Польшча прыме ўсе неабходныя меры ў выпадку ўзнікнення ваеннага канфлікту на мяжы.

Як паведамляла Еўрарадыё, група з 150 чалавек спрабавала мінулай ноччу сілай прарвацца з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу. Акрамя таго, за мінулыя суткі польскія службы зафіксавалі больш за 450 спробаў незаконнага перасячэння мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі