У панядзелак у Мінску пачнецца дэмантаж гарадскіх ялінак
Цэнтральную гарадскую ялінку ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы пачнуць разбіраць 18 студзеня. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прадпрыемства "Мінскрэклама".
Рабочыя пачалі ўжо здымаць з металічных каркасаў цэнтральнай ялінкі гірлянды і цацкі, сінтэтычныя іглічныя лапкі. У панядзелак яны пачнуць дэмантаж каркаса. Вышыня святочнай ялінкі — 30 метраў, таму разбіраць яе будуць з дапамогай спецтэхнікі ратавальнікаў.
Адначасова з цэнтральнай елкай пачнецца дэмантаж і астатніх 18 штучных ялінак ва ўсіх раёнах Мінска. Разам з тым рабочыя будуць здымаць вулічную святочную ілюмінацыю і расцяжкі. Завяршыць працу плануецца на працягу 10-12 дзён.