У Пінску Уладзімір Пугач з J:Морс зладзіў канцэрт у роднай школе
Лідар гурта J:Морс Уладзімір Пугач наведаў родны Пінск, дзе зайграў бясплатны сольны канцэрт для вучняў і настаўнікаў гімназіі № 2. Менавіта тут, у былой СШ № 5 Пінска, музыка навучаўся і пачынаў займацца творчасцю.
“Сёння адыграў сольнік у Пінску. У роднай школе. Проста ў актавай зале, дзе апошні раз выступаў у 1993 годзе. Эмоцыі зашкальваюць”, — напісаў 24 кастрычніка Уладзімір Пугач у сваім “Інстаграме”.
Акрамя вучняў школы на канцэрце прысутнічала яго класная кіраўніца, яго настаўнік фізікі і былы дырэктар школы.
Сёлета J:Морс святкуе 20-годдзе. Свой юбілей гурт плануе адзначыць вялікім сольным канцэртам у Мінску, які адбудзецца 2 лістапада ў Prime Hall.