У Польшчы адмаўляюць узмацненне кантролю для ўладальнікаў віз PBH
Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота
Польскія памежнікі не ўводзілі дадатковыя захады кантролю для беларусаў, якія едуць у краіну паводле візаў Poland.Business.Harbour. Пра гэта "Белсату" заявілі ў Памежнай ахове Польшчы, каментуючы паведамленні, што ў Польшчу перасталі пускаць уладальнікаў такіх віз, калі ў іх з сабою няма працоўнага запрашэння ці кантракту.
"Замежнікі пры ўездзе на тэрыторыю Польшчы абавязаныя абгрунтаваць мэту і ўмовы свайго перабывання і даць дакументы, якія гэта пацвярджаюць", — кажа Дар’юш Сяніцкі, спікер Надбужанскага аддзела Памежнай аховы Польшчы, што кіруе пунктам пропуску ў Цярэспалі.
Па яго словах, гэтае правіла датычыць у тым ліку і ўладальнікаў візаў PBH: "Гэтыя прававыя нормы застаюцца нязменнымі цягам многіх гадоў і не змяняліся апошнім часам".
14 лютага ў СМІ з'явіліся паведамленні, што польскія памежнікі не прапускаюць беларусаў з візамі PBH, калі няма пацвярджэння мэтавага выкарыстання гэтага тыпу візы: працоўнага кантракту, b2b-дамовы або адкрытага ІП. Раней на мяжы, як сцвярджаецца, афіцэры не патрабавалі гэтыя паперы.
26 студзеня Польшча без папярэджання прыпыніла выдачу візаў PBH, заявіўшы, што праграма не апраўдала ўскладзеных на яе надзеяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.