У Польшчы падвялі вынікі выбараў: дэмакраты змогуць сфармаваць урад
Падлік бюлетэняў на выбарчым участку
У Польшчы завяршыўся падлік бюлетэняў на парламенцкіх выбарах. Агульныя вынікі мала адрозніваюцца ад лічбаў, якія публікаваліся па выніках экзітполаў. За кіраўнічую партыю "Права і справядлівасць" (ПіС) прагаласавала 35,38% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Астатнія ўдзельнікі гонкі атрымалі наступную падтрымку:
"Грамадзянская кааліцыя" — 30,7%
"Трэцяя дарога" — 14,4%
"Левыя" — 8,61%
"Канфедэрацыя" — 7,16%
Такім чынам, дэмакратычная апазіцыя ("Грамадзянская кааліцыя", "Трэцяя дарога" і "Левыя") зможа сфармаваць урад большасці.
Рашэнне павінен прыняць прэзідэнт Польшчы. Ён можа прапанаваць фармаваць урад партыі, якая набрала большую колькасць галасоў ("ПіС"). Але ў гэтым выпадку можа ўзнікнуць праблема з зацвярджэннем такога ўрада ў Сейме, апазіцыйныя дэпутаты наўрад ці пагодзяцца узгадніць такія прызначэнні. Аднак у прэзідэнта ёсць права прапанаваць сфармаваць урад апазіцыйнай кааліцыі. Раней і прадстаўнік "ПіС", цяперашні кіраўнік урада Матэвуш Маравецкі, і кіраўнік "Грамадзянскай кааліцыі", экс-прэм'ер Дональд Туск заявілі пра гатоўнасць сфармаваць урад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.