У рамках Давоскага форуму расказалі пра беларускіх палітвязняў
Беларуская імпрэза падчас форуму ў Давосе
У першы дзень Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе адбыўся сайд-івэнт па Беларусі. На ім выступіла Святлана Ціханоўская, паведамляе прэс-служба Абяднанага пераходнага кабінета. Мерапрыемства было арганізаванае дэлегацыяй Грэцыі і прысвячалася сітуацыі з дэмакратыяй у свеце і Беларусі.
Ціханоўская расказала пра колькасць палітвязняў у Беларусі і ўмовы іх утрымання. Яна звярнула ўвагу на спробы Расіі паглынуць нашу краіну. Таксама лідарка дэмсілаў акцэнтавала ўвагу на электаральных кампаніях, якія адбудуцца сёлета па ўсім свеце.
"Вось ужо 30 гадоў у Беларусі не было свабодных выбараў. Абяцаючы аднавіць так званую "стабільнасць", дыктатар знішчыў парламент, незалежныя суды і СМІ. Маю краіну пераўтварылі ў паліцэйскую дзяржаву, дзе выбары сталі рытуалам без сэнсу і рэальнага выбару", — заявіла Ціханоўская.
Таксама адбылася дыскусія з удзелам дарадцы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнтам АВВА Алесем Аляхновічам, юрысткай Ганнай Маціеўскай і прадстаўніком НАУ Паўлам Берштавым. Падчас яе, у прыватнасці, гаворка ішла пра залежнасць паміж дэмакратыяй і эканамічнымі паказчыкамі краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.