У РФ правялі выпрабаванні ракеты "Сармат". Але, відаць, няўдала
Папярэдняе (першае) выпрабаванне было паспяховым / прэс-служба Мінабароны РФ
Масква зладзіла чарговыя выпрабаванні новай міжкантынентальнай балістычнай ракеты "Сармат", але, відаць, выпрабаванні праваліліся. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.
Чыноўнікі расказалі, што Расія папярэджвала пра правядзенне выпрабаванняў. У ЗША не разглядаюць такія мерапрыемствы як анамалію або эскалацыю. "Са слоў афіцыйных асоб, выпрабаванне цяжкай ракеты "Сармат", якая атрымала на Захадзе мянушку "Сатана II" і здольная дастаўляць некалькі ядзерных боегаловак, відавочна, правалілася", піша CNN. Калі б выпрабаванне было паспяховым, то, як перакананыя амерыканскія афіцыйныя асобы, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін расказаў бы пра гэта падчас учарашняга паслання. Пуцін казаў каля дзвюх гадзін, але запуск ракеты не згадаў. Затое сказаў, што Расія прыпыняе свой удзел у Дамове аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў.
Крыніцы адзначаюць, што выпрабаванні праходзілі ў панядзелак — незадоўга да таго, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў з візітам у Кіеў.
Упершыню ракета "Сармат" была прадстаўленая ў 2016 годзе і, паводле расійскіх дзяржаўных СМІ, мела далёкасць, якая перавышае 11 000 кіламетраў. Першае выпрабаванне было паспяховым. Ракета можа несці боегалоўку вагой 100 тон. Летась Пуцін казаў, што гэтая ракета "прымусіць задумацца тых, хто спрабуе пагражаць Расіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.